Главная              Рефераты - Разное

Духоўны свет маральная высакароднасць Андрэя Лабановіча трылогія Якуба Коласа На ростанях. - сочинение

Духоўны свет маральная высакароднасць Андрэя Лабановіча трылогія Якуба Коласа На ростанях.

Сотні новых, шчаслівых дарог
Рассцілае жыццё прад табою.
Я. Колас

Трылогія "На ростанях" — самы буйны твор Якуба Коласа. Прачытаўшы назву твора, адразу ўяўляеш постаць вандроўніка, які стаіць на перакрыжаванні дарог і думае, на якую з іх ступіць, каб дайсці да мэты. Ростані для галоўнага героя трылогіі Лабановіча — гэта роздум аб сваім жыцці, пошукі шляхоў да лепшай долі, змена месца жыхарства і адлучэнне ад людзей, якіх ён зведаў і ацаніў, перагляд прывычнага ладу жыцця, праверка сябе. У імя высакароднага служэння народу герой нязменна шукае верную, правільную дарогу. Дзе ж яна, гэта дарога? Пакуль што малады настаўнік не ведае. Ён не толькі ўпэўнены, што яна ёсць: "Шмат на гэтай дарозе ям і калдобін, розных патырчак і злыдняў. Але калі ты чэсны і свядомы чалавек і перад табою цаўстаюць цяжкасці, уразумей іх сваім розумам і адчуй сэрцам, не бойся, не адступайся ад праўды і ніколі, ні пры якіх умовах, не пагаджайся з тымі, хто зневажае народ, чыніць здзекі. Не паддавайся ні на якія спакусы і абяцанні, накіраваныя на крыўду народа". Я. Колас сутыкае свайго героя з рознымі людзьмі, ставіць у розныя сітуацыі, раскрываючы яго характар, духоўны свет, маральную высакароднасць. Ужо на першых старонках трылогіі чытаем пра спрэчку Лабановіча з хатовіцкім папом Кірылам аб адносінах да мужыка. На думку папа, мужык з'яўляецца ніжэйшай істотай, якая сама вінавата ў сваім цяжкім жыцці. Андрэй Лабановіч катэгарычна не згаджаецца з гэтым. Для яго мужык — гэта чалавек працы. У сваёй цёмнасці, забітасці і адсталасці народ не вінаваты. Такім яго зрабіў несправядлівы лад жыцця. І таму Лабановіч горача бярэцца за пашырэнне асветы не толькі сярод дзяцей, але і дарослых. У сваю першую школу малады настаўнік прыехаў з мэтай быць карысным народу сваёй асветніцкай дзейнасцю. І таму спачатку яго клопатамі былі справы ў школе, якія прыносілі Лабановічу вялікае задавальненне. У адносінах дзяцей і настаўнікаў няма нічога казённага, афіцыйнага. Лабановіч не толькі вучыць, але і вучыцца сам. У адрозненне ад іншых настаўнікаў ён не саромеўся вучыцца ў простых сялян, пераймаць у іх жыццёвы вопыт. Напрыклад, Аксёна Каля ён не толькі вучыў, але і сам вучыўся ў яго, пачынаў глыбей разумець жыццё і становішча сялян. Як роўны з роўнымі размаўляе ён з непісьменнымі сялянамі, не ганарыцца перад імі, ніколі не крыўдзіць. Наогул, адносіны героя да людзей характарызуюць яго з самага лепшага боку. Успомнім, напрыклад, цеплыню і клопаты, якімі былі прасякнуты яго адносіны да школьнай старожкі. Шчырае каханне да Ядвісі азарыла першыя жыццёвыя крокі Лабановіча, раскрыла яго багатую натуру. Успамінаючы Ядвісю, ён думае: можа, і лепей, што яны не пажаніліся, бо цяжкую дарогу ён сабе выбраў. І ў гэтай дарозе магла надламацца, не вытрымаць яе цяжару кволая дзяўчына. Сціплы, сумленны і патрабавальны да сябе, Лабановіч надзвычай прынцыповы ў адносінах да панямонскіх інтэлігентаў, якія здрадзілі сваёй справе, духоўна збяднелі, загразлі ў ціне мяшчанства, абывацельшчыны, карцёжных гульняў, п'янак. Бачачы амаральнасць панямонскай інтэлігенцыі, несправядлівасць улад у адносінах да сялян, Лабановіч часта задумваўся над складанымі праблемамі жыцця, ставіў перад сабой спрадвечныя філасофскія пытанні: што такое жыццё? у чым сэнс чалавечага жыцця? у чым прызначэнне асобы як грамадскай адзінкі? Думаючы над гэтымі пытаннямі на працягу ўсёй трылогіі, Лабановіч не знаходзіць пры гэтым поўнага адказу ні на адно з іх. Аднак, нягледзячы на гэта, ён не стаў песімістам, не расчараваўся ў жыцці. Наадварот, ён пачынае ўсведамляць, што для таго, каб здабыць свабоду і шчасце, трэба змяніць увесь лад жыцця. Праўда, як гэта зрабіць, герой твора яшчэ не ведае. Пасля знаёмства з нелегальнай літаратурай, гутарак з Вольгай Андросавай і Галубовічам усе падзеі сталі ўяўляцца Лабановічу ў новым свеце. Ён адчуў вялікую радасць, што спазнаў тую праўду, якой жыў народ і за якую гінулі ў астрогах і на катаргах лепшыя яго сыны. Ён выходзіць на шлях актыўнай рэвалюцыйнай барацьбы, паступова набліжаецца да сваёй мэты — "намацаць галінамі сонца". Адданы справе, сумленны, Лабановіч гатовы пайсці на самаахвяраванне дзеля справы, за якую змагаецца народ. Самаахвярнасць — гэта таксама важная рыса характару, па якой можна меркаваць аб маральных якасцях Лабановіча. Успомнім эпізод, калі Лабановіч стаіць перад царскім судом. Яго абвінавачваюць у напісанні лістоўкі, аўтарам якой з'яўляўся іншы настаўнік. Лабановіч ведае прозвішча гэтага настаўніка, але таварыша па рэвалюцыйнай справе не выдае, хоць гэта каштуе яму трох гадоў турмы. Лабановіч — чалавек вялікага інтэлекту, здольны радавацца і хвалявацца, адчуваць хараство роднай прыроды. Любоў да прыроды — адна з самых адметных рыс у яго характары. Яму здаецца, што ў залежнасці ад яго настрою нібы змяняецца сама прырода. Кожную вясну малады настаўнік адчувае радасць ад вечнага яе абнаўлення. Складаны шлях прайшоў герой трылогіі Я. Коласа. Часамі ён памыляўся, але ніколі не ішоў на кампраміс са сваім сумленнем. Лабановіч быў мужным і непахісным у час суровых выпрабаванняў, з якіх выйшаў з адзінай думкай: "Чалавек павінен жыць для дабра, ён павінен быць карысным людзям". Падзеі, апісаныя ў трылогіі "На ростанях", далёкія ад нашых дзён, але блізкай, актуальнай сёння з'яўляецца мара Лабановіча аб добраўпарадкаванні зямлі, аб гаспадарскім яе выкарыстанні. Надзённымі з'яўляюцца і клопаты галоўнага героя аб тым, каб было добра людзям, каб яны маглі карыстацца вынікамі ўласнай працы, клопаты пра беларускую мову, якая павінна заняць сваё месца ў жыцці беларусаў, і аб саміх носьбітах гэтай мовы, іх чалавечай годнасці і высокім прызначэнні.