Главная              Рефераты - Зарубежная литература

Асноўныя этапы і шляхі развіцця беларускага літаратуразнаўства - реферат

Асноўныя этапы і шляхі развіцця беларускага літаратуразнаўства

Змест

1. Асноўныя этапы і шляхі развіцця беларускага літаратуразнаўства

1.1 Ля вытокаў беларускай літаратурнай навукі

1.2 Фарміраванне ўласнага беларускага літаратуразнаўства

1.3 Развіццё беларускай літаратурнай навукі ў 1920-1930-я гг.

1.4 Беларускае літаратуразнаўства ў 1940-я - першай палове 1950-х гг.

1.5 Здабыткі і дасягненні беларускага літаратуразнаўства ў другой палове 1950-х - 1990-я гг.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Асноўныя этапы і шляхі развіцця беларускага літаратуразнаўства

1.1 Ля вытокаў беларускай літаратурнай навукі

Беларускае літаратуразнаўства прайшло ў сваім развіцці даволі складаны шлях. Але ў параўнанні з уласна літаратурай гэты шлях намнога карацейшы. "Значнае адставанне навуковай думкі ад творчай практыкі тлумачыцца, - як лічыць адзін з самых буйных даследчыкаў шляхоў развіцця беларускага літаратуразнаўства і крытыкі М. Мушынскі, - неспрыяльнымі гістарычнымі абставінамі, у якіх на працягу доўгага часу знаходзіўся беларускі народ, яго культура".

Самыя першыя спробы навуковага і крытычнага асэнсавання літаратуры на Беларусі можна знайсці ў помніках старажытнай пісьменнасці, у прадмовах і пасляслоўях Ф. Скарыны, у "Песні пра зубра" (1522) М. Гусоўскага, у падручніках "Грамматика словенска" (1593) Л. Зізанія, "Грамматика" (1619) М. Сматрыцкага, у творах С. Полацкага, школьных рукапісных піітыках і рыторыках XVIII ст.

Больш змястоўныя эстэтыка-літаратурныя ацэнкі твораў беларускай пісьменнасці адносяцца да XIX ст. Так, у дадатку да 1-й част кі працы В. Сопікава "Спроба расійскай бібліяграфіі" (1813) грунтоўна разгледжана "Біблія" Ф . Скарыны . У 1816 г. у Варшаве выйшла на польскай мове к ніга С.Б. Ліндэ "Аб Статуце літо ўскім. ", дзе аналізаваліся розныя рэдак цыі п ом ніка, характарызавалася мова , якую аўтар называ ў беларускай . У 1821 г. у Маскве апублікаваны тв оры Кірылы Тураўскага.

Агляд новай беларускай літаратуры дадзены ва ўступным арт ыкуле Р . Друцкага-Падбярэзскага да 1-га тома к нігі Я. Баршчэўскага "Шляхціц Завальня " (1844-1846).Л. Кавел ін у артыкулах, надрукаваных у часопісе "Маяк" (1840-я гг.) пад назвай "Пом нікі беларускай пісьменнасці", упершыню прывё ў тэкст паэмы "Энеіда навыварат", гавары ў пра І. Манькоўскага, характарызаваў жыццё і творчасць Я. Баршчэўскага .

У 2-й пал. ХІХ ст. д рук аваліся працы па старажытнай беларускай літаратуры, мове, гіс торы і асветы, грамадскай дум кі . Сюды можна аднесці шэраг артыкулаў пад агульнай назвай "Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках " П . Шпілеўскага (час. "Пантеон", 1 853-1856), кнігу "Пра літаратуру братніх славян скіх народаў" (1874) А. Кірк ора з нарысам у ёй гісторыі беларускай літаратуры, двухтомнік "Гісторыя славянскіх літаратур" А. Пыпіна і У. Спасовіча з разглядам беларускай народнай паэзіі, кнігу П. Уладзімірава "Доктар Францыск Скарына, яго пераклады, друкаваныя выданні і мова" (1888), нарыс А. Семянтоўскага "Беларускія старажытнасці" (1890), працу М. Доўнар-Запольскага "В. Дунін-Марцінкевіч і яго паэма "Тарас на Парнасе" (1896). Зародкі літаратурнай крытыкі выяўляюцца ў артыкулах і рэцэнзіях У. Сыракомлі на творы В. Дуніна-Марцінкевіча, водгуку Е. Раманава на зборнік З. Радчанкі "Гомельскія народныя песні".

У пачатку ХХ ст. да даследавання беларускай літаратуры звяртаюцца рускія вучоныя А. Пагодзін і С. Русаў, польскія Е. Янкоўскі і В. Вегняровіч, чэх А. Чэрны, літовец Л. Гіра, украінцы А. Русаў і І. Свянціцкі.

1.2 Фарміраванне ўласнага беларускага літаратуразнаўства

На пачатку ХХ ст. ужо можна весці гаворку аб станаўленні ўласнага беларускага літаратуразнаўства. Перш за ўсё гэты працэс звязаны з дзейнасцю Я. Карскага і М. Багдановіча.

Яўхім Карскі - аўтар трохтомнага даследавання "Беларусы" (1903-1922). Вучоны правёў значную работу па збіранню і навуковаму апісанню помнікаў старажытнай пісьменнасці, а таксама твораў новай беларускай літаратуры. Сістэматызаваўшы новыя і раней вядомыя творы, вучоны зрабіў спробу ўстанавіць перыядызацыю гісторыка-літаратурнага працэсу на Беларусі. Гэтым ён закладваў аснову далейшых гісторыка-літаратурных даследаванняў.

Максім Багдановіч у працах "Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця" (1911), "За сто лет" (1911), "Глыбы і слаі" (1911), "Санет" (1911)"Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры", (1912), "За тры гады" (1913), абгрунтоўваў ідэю самастойнасці і самабытнасці беларускай нацыянальнай літаратуры, сцвярджаў перспектыўнасць вывучэння літаратуры ў яе гістарычным развіцці, у сувязі з духоўным жыццём народа і грамадска-культурнымі ўмовамі.М. Багдановічам была ўдакладнена перыядызацыя літаратурнага працэсу, коратка, але даволі грунтоўна прааналізавана старажытная, новая і навейшая беларуская літаратура, дадзена ацэнка творчасці пісьменнікаў ХІХ - пач. ХХ стст., засяроджана ўвага на шэрагу тэарэтыка-літаратурных праблем. Адштурхоўваючыся ў цэлым ад метадалагічных прынцыпаў культурна-гістарычнай школы, М. Багдановіч разам з тым стараўся пераадольваць слабыя бакі гэтага літаратуразнаўчага накірунку і тым самым выпрацоўваў сваю ўласную метадалогію.

Многа зрабіў для станаўлення і развіцця беларускай літаратурнай крытыкі Сяргей Палуян, аб чым сведчыць яго артыкул "Беларуская літаратура ў 1909 г." (1910). Гэтай працай істотна пашыраліся жанравыя рамкі беларускай крытыкі, замацоўвалася ў ёй форма гадавога агляду. Акрамя адзначанага артыкула пяру С. Палуяна належаць публіцыстычныя нататкі "Лісты з Украіны" (1910), у якіх побач з іншымі пытаннямі закраналіся і праблемы развіцця беларускай літаратуры.

Даволі адмысловым крытыкам з’яўляўся Вацлаў Ластоўскі. Да бясспрэчных яго здабыткаў і здабыткаў усёй беларускай крытыкі пач. ХХ ст. трэба аднесці артыкулы "Памяці Сяргея Палуяна", "Эліза Ажэшка" (1910), "Людвіг Кандратовіч" (1912), "Леся Украінка" (1913), рэцэнзіі на зборнікі "Васількі" Ядвігіна Ш., "Рунь" М. Гарэцкага, "Родныя з’явы" Т. Гушчы (Я. Коласа) (1914).

Шэраг змястоўных рэцэнзій на творы і кнігі беларускіх пісьменнікаў пачатку ХХ ст. даў Антон Навіна (А. Луцкевіч).

Праграмнымі для развіцця беларускага прыгожага пісьменства і беларускага тэатра пачатку ХХ ст. сталі артыкулы Максіма Гарэцкага "Наш тэатр" (1913) і "Развагі і думкі" (1914).

Акрамя названых аўтараў пасільны ўклад у станаўленне ўласнай беларускай літаратурнай навукі і крытыкі зрабілі У. Самойла, А. Бульба, М. Янчук, Л. Гмырак, Я. Купала, Р. Зямкевіч, Я. Лёсік, З. Бядуля, А. Вілейскі, В. Лявіцкая.

1.3 Развіццё беларускай літаратурнай навукі ў 1920-1930-я гг.

1920-1930-я гг. сталі якасна новым этапам у станаўленні і развіцці беларускай літаратурнай навукі. Менавіта ў дадзены перыяд, і асабліва ў першай яго палове, беларускае літаратуразнаўства надзвычай вырасла, пасталела і набыло статут самастойнай нацыянальнай галіны навуковых ведаў.

Дасягненні беларускага літаратуразнаўства гэтага часу ў першую чаргу звязаны з дзейнасцю М. Гарэцкага, І. Замоціна, Я. Барычэўскага, А. Вазнясенскага, М. Піятуховіча. Усе яны ў той альбо іншай ступені мелі дачыненне да Інбелкульта, які з’яўляўся асноўным каардынацыйным цэнтрам беларускага літаратуразнаўства на працягу 1922-1928 гг. З 1927 г. у ім існаваў аддзел гуманітарных навук, у які ўваходзіла і кафедра беларускай літаратуры (з камісіяй па выданні твораў беларускіх пісьменнікаў). Выдаваліся "Запіскі аддзела гуманітарных навук" Інбелкульта.

Максімам Гарэцкім напісана першая сістэматызаваная навуковая праца па гісторыі развіцця беларускай літаратуры, якая стала адначасова і першым грунтоўным падручнікам па беларускай літаратуры. У ёй разгледжана развіццё нашай нацыянальнай літаратуры ад старажытнасці да першых паслякастрычніцкіх гадоў, ахарактарызаваны вядомыя на той час літаратурныя помнікі, творы новай і найноўшай літаратуры, паказана станаўленне літаратурных плыней і кірункаў, вызначана месца і роля вядучых аўтараў у гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства. "Гісторыя беларускае літаратуры" М. Гарэцкага вытрымала некалькі выданняў і, што таксама немалаважна, не страціла сваёй каштоўнасці і практычнай значнасці па сённяшні дзень.

Немалыя заслугі М. Гарэцкага і ў станаўленні беларускай літаратурнай крытыкі. Ён даволі рэгулярна змяшчаў у розных перыядычных выданнях свае крытыка-біяграфічныя нарысы па творчасці самых розных аўтараў - як пісьменнікаў-адраджэнцаў старэйшага пакалення, так і маладых літаратараў. Як буйны вучоны-літаратуразнаўца М. Гарэцкі не мог не выпрацаваць уласную тэарэтыка-метадалагічную сістэму. Асноўнае, самае сутнаснае з яе адлюстравалася ў "Назваслоўі", якое ўвайшло ў склад "Гісторыі беларускае літаратуры" выдання 1924-га г.

Нямала зрабіў для развіцця беларускага літаратуразнаўства прафесар Іван Замоцін. Ён даў грунтоўную, у цэлым аб’ектыўную ацэнку спадчыны М. Багдановіча ("М. Багдановіч. Крытыка-біяграфічны нарыс", 1927), драматургіі Я. Купалы ("Беларуская драматургія", 1927), Ц. Гартнага ("Драматычныя творы Цішкі Гартнага", 1928), ліра-эпасу Я. Коласа ("Пуціны беларускай літаратуры. Якуб Колас. "Новая зямля", 1924; "Паэма Якуба Коласа "Сымон-музыка" як аўтахарактарыстыка", 1926). Прыкметнай з’явай у беларускім літаратуразнаўстве сталі спробы І. Замоціна стварыць самастойны кірунак даследавання на аснове т. зв. "тэорыі чатырох сінтэзаў" (спалучэнне пры аналізе генетычнага, фармальна-мастацкага, сацыялагічнага і ідэалагічнага падыходаў).І. Замоцін слушна крытыкаваў многае ў тагачасных модных фрэйдысцкіх і інтуітывісцкіх канцэпцыях, фармалістычных трактоўках мастацтва і суб’ектыўна-ідэалістычных прынцыпах яго вывучэння.

Шмат цікавых назіранняў над творчасцю М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа зрабіў Аляксандр Вазнясенскі. Асабліва неабходна вылучыць яго працу "Паэтыка М. Багдановіча" (1926), якая была адной з этапных з’яў у распрацоўцы пытанняў тэорыі літаратуры і метадалогіі. На жаль, А. Вазнясенскі даволі доўгі час знаходзіўся ў палоне фармальнага метаду, што перашкодзіла яму сапраўды аб’ектыўна ацаніць многія з’явы ў беларускім прыгожым пісьменстве.

Этапнымі ў распрацоўцы шэрагу пытанняў тэорыі літаратуры і метадалогіі ў беларускім літаратуразнаўстве сталі таксама працы Яўгена Барычэўскага "Паэтыка літаратурных жанраў" (1927) і "Тэорыя санета" (1927). Даследчык арганічна спалучаў у літаратуразнаўчым аналізе гісторыю развіцця і тэорыю жанравых форм лірыкі, эпасу, драмы. Гэтым вучоны замацоўваў плённую традыцыю адзінства гістарычнага і тэарэтычнага падыходу да мастацтва.

Даволі значнай фігурай у беларускім літаратуразнаўстве 1920-1930-х гг. быў Мікола Піятуховіч. Але, на жаль, яго літаратуразнаўчая канцэпцыя мела вельмі моцны сацыялагізатарскі ўхіл. Яскрава гэта выявілася і ў адной з самых буйных прац даследчыка - "Нарысах гісторыі беларускай літаратуры" (1928). У аснову перыядызацыі літаратуры М. Піятуховіч паклаў этапы эканамічнага развіцця грамадства. Спрошчана разумеючы ўзаемасувязь грамадзянскай гісторыі і літаратуры, выводзячы ўзровень развіцця прыгожага пісьменства непасрэдна з узроўню эканомікі, Піятуховіч не здолеў глыбока выявіць вядучыя тэндэнцыі літаратурнага працэсу, аб’ектыўна ацаніць творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, Цёткі.

На станаўленне і далейшае развіццё маладой беларускай літаратурнай навукі ў 1920-я - пачатку 1930-х гг. аказвала плённае ўздзеянне літаратурная крытыка, як правіла, пісьменніцкая. Найбольш значныя дасягненні беларускай літаратурнай крытыкі гэтага перыяду звязаны з дзейнасцю літаратурных арганізацый "Маладняк", "Узвышша", "Полымя" і іх аднайменных перыядычных выданняў, якія абгрунтоўвалі і праводзілі ў жыццё ідэйна-эстэтычныя праграмы дадзеных аб’яднанняў. У распрацоўцы тэарэтычных асноў беларускай крытыкі, павышэнні яе прафесійнага ўзроўню вялікая заслуга належыць А. Бабарэку, У. Дубоўку, К. Чорнаму, Я. Пушчу, Ф. Купцэвічу.

Зборнікамі "Якуб Колас у літаратурнай крытыцы" (1926), "Творчасць К.М. Міцкевіча (Якуба Коласа)" (1926), "Янка Купала ў літаратурнай крытыцы" (1928) і "Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы" (1928) закладзены асновы мэтанакіраванага вывучэння творчасці старэйшых беларускіх майстроў слова.

У канцы 1920-х гг. распачалася сур’ёзная тэксталагічная праца, звязаная з падрыхтоўкай да выдання двухтомніка М. Багдановіча, а таксама збораў твораў Я. Купалы і Я. Коласа.

Развіццё беларускага літаратуразнаўства ў 1930-я гг. адбывалася ў надзвычай складаных умовах: грубейшыя парушэнні законнасці, што мелі месца ў гэты час, істотна запаволілі далейшы рост літаратурнай навукі і крытычнай думкі; акрамя таго, палітычныя абставіны ўнутры краіны паўплывалі на ўзмацненне вульгарнага сацыялагізму і дагматызму ў крытычных ацэнках.

У 1930-я гг. вывучэнне літаратуры было сканцэнтравана пераважна ў Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР. Першачарговай задачай з’яўлялася падрыхтоўка навуковай "Гісторыі беларускай літаратуры". У 1932-1934 гг. калектыў у складзе І. Замоціна, М. Аляхновіча, М. Піятуховіча, М. Ларчанкі і некаторых іншых вучоных напісаў шэраг раздзелаў для гэтай працы. Але, на вялікі жаль, завяршыць яе паспяхова не ўдалося. Аўтары не пераадолелі цяжкасцей, звязаных з тэарэтычнай распрацоўкай прынцыпаў пабудовы "Гісторыі беларускай літаратуры" як абагульняючай працы і ўстанаўленнем заканамернасцей літаратурнага развіцця. Адмоўны ўплыў на даследчыкаў зрабіла таксама назвычай узмацніўшая к таму часу сваю дзейнасць т. зв. "аглабельная" крытыка ў асобах Л. Бэндэ, А. Кучара, В. Вольскага і некат. інш.

беларускае літаратуразнаўства дасягненне навука

1.4 Беларускае літаратуразнаўства ў 1940-я - першай палове 1950-х гг.

Як ужо адзначалася вышэй, стан беларускага літаратуразнаўства к другой палове 1930-х гг. вельмі моцна пагоршыўся. "І толькі напрыканцы 30-х - пачатку 40-х гадоў, - зазначае М. Мушынскі, - з’явіліся прыкметныя сімптомы таго, што крытыка і навуковая думка пры спрыяльных умовах з цягам часу могуць адрадзіцца".

Пацвярджаючы свае высновы, даследчык называе з’яўленне ў тагачасным друку артыкулаў Я. Коласа пра Т. Шаўчэнку, К. Чорнага - пра Я. Купалу, М. Гогаля, П. Труса. Заслугоўваюць, на думку вядучага беларускага тэкстолага і гісторыка літаратуразнаўства і крытыкі, быць адзначанымі і артыкулы М. Ларчанкі, у якіх рабілася смелая для свайго часу спроба перагледзець вульгарызатарскія ацэнкі паэм Я. Коласа "Новая зямля", "Сымон-музыка" і спадчыны М. Багдановіча.

У самым канцы 1930-х - пачатку 1940-х гг. прайшлі цікавыя літаратурныя дыскусіі аб крытыцы (1939), паэзіі (1940), прозе (пач. 1941), выдадзены зборнік выяўленых у архівах тэкстаў па беларускай літаратуры XIX стагоддзя (1940), пачаў друкавацца "Нарыс гісторыі старажытнай беларускай літаратуры" М. Дабрыніна (асобнай кнігай ён убачыў свет толькі ў 1952 г.). У 1941 г. быў падрыхтаваны да выдання падручнік для педагагічных і настаўніцкіх інстытутаў "Беларуская літаратура", выдаць які, на жаль, перашкодзіла вайна.

Гаварыць аб развіцці беларускага літаратуразнаўства (менавіта, так бы мовіць, "чыстага" літаратуразнаўства, а не ў повязі з крытыкай, хоць, дарэчы іх разарваць часам даволі цяжка) у часы Айчыннай вайны не прыходзіцца па зразумелых прычынах.

Літаральна адразу ж пасля заканчэння вайны беларускія вучоныя-літаратуразнаўцы прыступілі да актыўнай распрацоўкі пытанняў развіцця нацыянальнага прыгожага пісьменства. У перыёдыцы з’яўляюцца артыкулы, прысвечаныя Я. Купалу (аўтары - М. Ларчанка, С. Майхровіч, Ю. Пшыркоў, М. Лынькоў), Я. Коласу (У. Агіевіч, Ю. Пшыркоў), М. Багдановічу (Н. Перкін, С. Майхровіч, В. Барысенка), К. Каганцу (Р. Шкраба, Л. Фіглоўская), З. Бядулю (М. Смолкін), А. Гаруну (М. Ларчанка). Іх адметнасць - у спробе па-новаму, без спрашчэння, схематызму, вульгарызатарства паглядзець на творчую спадчыну класікаў.

"Нельга не сказаць і пра смелую для таго часу спробу ўвесці ў літаратурны ўжытак паасобныя забароненыя пісьменніцкія імёны і каштоўныя даследчыя працы рэпрэсаваных аўтараў. Маецца на ўвазе артыкул М. Ларчанкі пра А. Гаруна і ацэнкі, запазычаныя ім з "Гісторыі беларускае літаратуры" М. Гарэцкага".

У шэрагу артыкулаў тагачаснага старшыні Праўлення СП БССР, кіраўніка Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР, вядомага беларускага празаіка М. Лынькова ("Літаратура народа", "Адвечная песня") праглядаліся падыходы да выпрацоўкі новай канцэпцыі гісторыка-літаратурнага працэсу і своеасаблівыя заклікі да распачынання працы над новай "Гісторыяй беларускай літаратуры". Пэўны і даволі ўдалы разбег, які ўзяло беларускае літаратуразнаўства адразу ж у першыя пасляваенныя гады, быў перапынены ідэалагічнымі кампаніямі (барацьба з "касмапалітызмам" і "буржуазным нацыяналізмам"). Да ўсяго яшчэ ўладарыла "тэорыя бескафліктнасці". Па гэтай прычыне намаганні беларускіх літаратуразнаўцаў пачалі скіроўвацца не на стварэнне буйных праблемных прац і абагульняючых гісторыка-літаратурных даследаванняў, а на напісанне крытыка-біяграфічных нарысаў па творчасці асобных пісьменнікаў, а таксама на падрыхтоўку вучэбна-метадычнай літаратуры, праграм, хрэстаматый і дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школ. Яны таксама былі патрэбныя, але ж магістральны накірунак развіцця літаратуразнаўства пры гэтым губляўся. Дадзены момант яскрава засведчылі падрыхтаваныя Інстытутам літаратуры АН БССР к сярэдзіне 1950-х гг., у многім наперакор неблагапрыемнаму часу, кнігі "Нарыс беларускай савецкай літаратуры" (1954, на рус. мове) і "Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры" (1956), у якіх побач з шэрагам станоўчых момантаў было таксама і шмат сур’ёзных тэарэтыка-метадалагічных хібаў і пралікаў.

1.5 Здабыткі і дасягненні беларускага літаратуразнаўства ў другой палове 1950-х - 1990-я гг.

У канцы 1950-х - пачатку 1960-х гг. быў зроблены своеасаблівы прарыў у стварэнні цэласнай карціны развіцця нашай літаратуры ад яе зараджэння і да пачатку 60-х гг. ХХ ст. Гэта выявілася ў першую чаргу ў напісанні і выданні чатырохтомнай гісторыі беларускай літаратуры (Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Т.1-2. - Мн., 1965-1966; Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т.1-2. - Мн., 1968-1969).

З’яўленне дадзенага даследавання, якое, калі меркаваць з пазіцый сённяшняга дня, не пазбаўлена недахопаў, стала вельмі важнай падзеяй у беларускай літаратурнай навуцы. Упершыню нацыянальны гісторыка-літаратурны працэс быў раскрыты даволі поўна і ўсебакова, у самых галоўных і вызначальных праявах разгледжана творчасць буйнейшых беларускіх пісьменнікаў.

Дадзеная, ды і пазнейшыя працы абагульняючага характару, аб якіх будзе сказана крыху ніжэй, не маглі ўзнікнуць на пустым месцы. Адпаведная база, даволі трывалы падмурак для вырашэння гэтай, без сумнення, звышзадачы былі закладзены паспяховым прымяненнем новых форм і метадаў даследавання, вывучэннем асобных галін і раздзелаў літаратуры, яе родаў, відаў, жанраў і г. д.

З канца 1950-х гг. беларуская літаратура пачала разглядацца ў параўнальным і тыпалагічным планах, што знайшло адлюстраванне ў працах В. Івашына, Р. Ларчанкі, А. Лойкі, С. Александровіча, А. Мальдзіса, П. Ахрыменкі, Н. Перкіна, Э. Мартынавай, У. Казбярука, В. Гапавай і шэрагу іншых вучоных. Нацыянальнае прыгожае пісьменства смела ўводзіцца ва ўсесаюзны, славянскі, еўрапейскі, а часам і сусветны літаратурны кантэкст. Асабліва многа ў гэтым накірунку зрабіў А. Адамовіч.

Яшчэ адным таленавітым вучоным і крытыкам В. Каваленкам было даволі заканамерна і своечасова пастаўлена пытанне аб літаратурных узаемасувязях і ўплывах ва ўмовах паскоранага развіцця нашай літаратуры ў ХІХ - пач. ХХ стст.

К пачатку 1960-х гг. у беларускім літаратуразнаўстве склаўся і пачаў даволі паспяхова развівацца і ўдасканальвацца такі даследчыцкі жанр, як гісторыя станаўлення і развіцця пэўных родаў, відаў і жанраў. Пра гэта сведчаць калектыўныя працы "Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс" (1971) і "Беларуская савецкая проза: раман і аповесць" (1971), манаграфіі "Беларускі раман: станаўленне жанру" (1961) А. Адамовіча, "Беларускі раман: гады 70-я" (1981) П. Дзюбайлы, "Станаўленне беларускай паэмы" (1968) і "Беларуская паэма ў другой палавіне ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя" (1970) М. Лазарука, "Беларуская камедыя" (1979) Я. Усікава, "Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд)" (1961) і "Беларуская савецкая драматургія. 1917-1932" (1968) А. Семяновіча і інш. Развіццё беларускай паэзіі ХХ ст. грунтоўна даследуецца ў шэрагу прац У. Гніламёдава, прозы - В. Каваленкі. Старажытная беларуская літаратура ў асноўных яе накірунках і праявах разглядаецца ў працах А. Коршунава і В. Чамярыцкага. У многім па-новаму заставіў паглядзець на нашую нацыянальную літаратуру ХVІІ-ХVІІІ стст.А. Мальдзіс, а на беларускую драматургію ХХ ст. - С. Лаўшук.

Даволі паспяхова вывучаецца нашым літаратуразнаўствам і шэраг тэарэтычных праблем. Аб гэтым сведчаць кнігі "Традыцыі і наватарства" (1972) У. Гніламёдава, "Шляхі беларускага вершаскладання" (1973) М. Грынчыка, "Структура твора: рух сюжэтна-кампазіцыйных форм" (1978) В. Жураўлёва, "Беларускі свабодны верш" (1984) А. Кабаковіч, "Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры" (1981) В. Каваленкі, "Мастацкая дэталь у літаратурным творы" (1977) Э. Мартынавай, "Сюжэт, кампазіцыя, характар: аб прозе Кузьмы Чорнага" (1981) А. Пяткевіча, "Характар, стыль, дэталь" (1965) Р. Шкрабы і шэраг іншых.

Практычна па кожнаму больш-менш значнаму пісьменніку нашай літаратуры ёсць спецыяльнае навуковае ці навукова-папулярнае даследаванне. У асобныя галіны нацыянальнага літаратуразнаўства аформіліся скарыназнаўства, купалазнаўства, коласазнаўства, багдановічазнаўства.

Новым для беларускага літаратуразнаўства стала даследаванне сувязей нацыянальнага прыгожага пісьменства з іншымі формамі грамадскай свядомасці і відамі мастацкай творчасці. У якасці прыкладаў можна прывесці манаграфіі Л. Гараніна "Философские искания в белорусской литературе" (1984) і С. Лаўшука "На драматургічных скрыжаваннях" (1990).

Неабходна адзначыць прыкметна ўзросшы ўзровень беларускай тэксталогіі. Аб гэтым сведчыць выданне ўжо трэццяга, больш поўнага ў параўнанні з папярэднімі, збору твораў Я. Купалы. Двойчы выдаваліся зборы твораў Я. Коласа і М. Багдановіча. Сёння мы маем таксама зборы твораў М. Гарэцкага, К. Чорнага, К. Крапівы, І. Мележа, М. Лынькова, П. Броўкі, М. Танка, В. Быкава, А. Макаёнка, а таксама цэлага шэрагу іншых беларускіх пісьменнікаў.

Робяцца спробы тэарэтычнага абагульнення вопыту практычнай дзейнасці тэкстолагаў, аб чым сведчыць зборнік "Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры" (1982). Вельмі шмат для развіцця беларускай тэксталогіі, вывядзення яе на якасна новы ўзровень зрабіў сектар тэксталогіі Інстытута літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі на чале з вядомым вучоным, членам-карэспандэнтам НАН Беларусі М. Мушынскім. Практычна ўсе з названых вышэй збораў твораў пісьменнікаў былі падрыхтаваны супрацоўнікамі гэтага сектара.

Здабытак калектыўнай працы беларускіх філолагаў і мастацтвазнаўцаў, кніга, без якой сёння нельга ўявіць нацыянальную навуку, культуру і асвету, - пяцітомная "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі" (1984-1988).

Вельмі шмат карпатлівай пошукавай і сістэматызуючай працы прароблена беларускімі літаратуразнаўцамі падчас падрыхтоўкі да выдання шасцітомнага "Біябібліяграфічнага слоўніка беларускіх пісьменнікаў" (1992-1995) - кнігі надзвычай патрэбнай і карыснай усім, хто даследуе літаратуру Беларусі альбо сур’ёзна цікавіцца ёю.

У падрыхтоўцы да выдання "Біябібліяграфічнага слоўніка беларускіх пісьменнікаў" (і не толькі, заўважым, гэтай, а і шэрагу іншых фундаментальных прац) прымалі ўдзел не толькі прадстаўнікі акадэмічнай навукі, а і даволі шматлікі атрад літаратуразнаўцаў вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі. Сярод іх, акрамя ўжо некаторых названых вышэй, хацелася б адзначыць Дз. Бугаёва, Н. Гілевіча, У. Калесніка, Л. Корань, В. Рагойшу, А. Рагулю, І. Штэйнера і інш.

Плённа даследуюцца сувязі беларускай літаратуры з прыгожым пісьменствам іншых народаў, у першую чаргу суседніх, славянскіх. Пэўны ўклад у распрацоўку гэтай праблематыкі ўнеслі П. Ахрыменка, А. Лойка, Н. Гілевіч. Самым жа значным даследаваннем у дадзеным накірунку з’яўляюцца чатырохтомныя "Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей" (1993-1995), падрыхтаваныя супрацоўнікамі Інстытута літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі.

Літаральна на рубяжы тысячагоддзяў убачыла свет чатырохтомная "Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя" - самае грунтоўнае на сённяшні дзень даследаванне па гісторыі развіцця нацыянальнага прыгожага пісьменства. Яно яшчэ раз засведчыла сталасць і значны навуковы патэнцыял беларускага літаратуразнаўства.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства.40-я - першая палова 60-х гадоў. - Мн., 1985.

2. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. - Мн., 1984-1988. - Т.1-5.

3. Гніламёдаў У. Ці ёсць будучыня ў літаратуразнаўства? // Полымя. - 1997. - №1.

4. Мушынскі М. Крытыка і літаратуразнаўства // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. - Мн., 2001. - Т.3.

5. Уводзіны ў літаратуразнаўства. Хрэстаматыя / Пад рэд. М.А. Лазарука. - 2-е выд., дапр. і дап. - Мн., 1991.

6. Яцухна В.І. Тэорыя літаратуры / Яцухна В.І. - г. Гомель, 2002.

7. Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. - М., 1972.

8. Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала ХХ в. - Мн., 1985.