Главная              Рефераты - Иностранные языки

Гісторыя беларускага мовазнаўства - учебное пособие

Тэма: Уводзіны ў дысцыпліну. Прадмет, задачы і значэнне курса “гісторыя беларускага мовазнаўства”

Мова – гэта не толькі сродак зносін людзей, але і важнейшы элемент нацыянальнай культуры кожнага народа. Гэта і выклікае цікавасць носьбітаў мовы да самой мовы, да яе гісторыі, да вытокаў яе фарміравання і гістарычных умоў функцыянавання, а таксама абуджае цікавасць да перспектыў, шляхоў і напрамкаў далейшага развіцця нацыянальнай мовы.

Цікавасць грамадства да сваёй мовы, гісторыі яе фарміравання і развіцця з’явіліся перадумовамі складвання звестак аб мове і гісторыі яе развіцця ў асобную дысцыпліну – гісторыю мовазнаўства. Беларускае мовазнаўства – навука аб беларускай мове, яе вывучэнні і развіцці. Такім чынам, у межах гісторыі беларускага мовазнаўства вывучаюцца, даследуюцца і разглядаюцца ў першую чаргу працы аб беларускай мове . На Беларусі, акрамя праблем развіцця і функцыянавання беларускай мовы, распрацоўваюцца і праблемы агульнага мовазнаўства, іншых моў. Вынікі гэтых даследаванняў беларускімі вучонымі таксама ўваходзяць у паняцце беларускае мовазнаўства.

Агульнавядома, што кожная навука мае сваю гісторыю, паколькі складваецца яна на працягу многіх стагоддзяў у выніку назапашвання фактаў і вопыту даследчыкаў. Кожны этап развіцця любой навукі, у тым ліку і беларускага мовазнаўства, узбагачае яе новымі каштоўнымі фактамі, дасягненнямі, абагульняе, сістэматызуе, пацвярджае або абвяргае папярэдні вопыт. І таму любая навука не можа рухацца наперад без аналізу вопыту і шляхоў свайго развіцця, інакш кажучы, без вывучэння сваёй гісторыі. У выніку даследавання гісторыі навукі фарміруюцца і ўдасканальваюцца метады даследавання, выпрацоўваеца найбольшая эфектыўнасць практычных вынікаў.

Змест гісторыі беларускага мовазнаўства, як і любога нацыянальнага, складае вырашэнне такіх задач і раскрыццё такіх пытанняў, як:

· спецыфіка беларускай мовы ў параўнанні з іншымі мовамі;

· заканамернасці развіцця беларускай мовы;

· пачатак навуковага асэнсавання беларускай мовы;

· маштабы вывучэння розных моўных з’яў і раздзелаў беларускага мовазнаўства;

· вылучэнне эпахальных перыядаў развіцця беларускай мовы і навукі аб ёй;

· асэнсаванне ролі асобных мовазнаўцаў у межах нацыянальнай навукі і інш.

Паколькі мова – з’ява грамадская, то яе вывучэнне непазбежна і перарыўна звязана з вывучэннем гісторыі яе стваральніка, носьбіта і захавальніка – народа. Пры вывучэнні гісторыі беларускага мовазнаўства нельга абысціся без вывучэння гістарычных фактаў фарміравання беларускай нацыі, культурных і грамадска-палітычных рухаў на Беларусі, усіх тых з’яў, якія так ці інакш аказвалі ўплыў на развіццё беларускай мовы і навукі аб ёй.

Вылучэнне гісторыі беларускага мовазнаўства ў самастойную навуковую дысцыпліны засведчыла няспынны працэс развіцця беларускай лінгвістычнай думкі, дыферэнцыяцыі філалагічнай навукі. Сама дысцыпліна “гісторыя беларускага мовазнаўства” з’яўляецца, безумоўна, важнай і актуальнай, дазваляе абагуліць і сістэматызаваць прыватныя веды і палажэнні аб мове, бо разглядаюцца апошнія з боку іх храналагічнага станаўлення, у неад’емнай сувязі з асобамі тых, хто развіваў беларускую лінгвістыку, вывучаў і назапашваў вопыт папярэднікаў і закладаў трывалы падмурак для паўнавартаснага жыцця Беларускага Слова. Ніводная навука не існуе без сваіх “стваральнікаў”, нават пры тым, што канкрэтныя палажэнні асобных з іх з цягам часу могуць станавіцца неактуальнымі і нават пачынаюць лічыцца памылковымі. Але, як вядома, трывалыя, сапраўдныя, сталыя навуковыя веды і здабываюцца падчас дыскусійных пошукаў. І абмінаць увагай тых, хто займаўся пошукамі, не цікавіцца тым, па якіх шляхах блукала навуковая думка перш чым трапіць у якасці аксіёмы на старонкі падручнікаў, – значыць, свядома абмяжоўваць сваю адукацыю і кругагляд, а ў маральным сэнсе – без удзячнасці і павагі праігнараваць жыццё і дзейнасць навукоўцаў.

Такім чынам, курс “гісторыя беларускага мовазнаўства” з’яўляецца вельмі пазнавальным і мае вялікае культурна-выхаваўчае значэнне.

Тэма: Перыядызацыя гісторыі беларускага мовазнаўства

Перыядызацыя – вылучэнне гістарычных адрэзкаў часу (перыядаў) з суцэльнага патоку развіцця навукі. Кожны этап характарызуецца пэўнай зместавай закончанасцю. Перыядызацыя гісторыі беларускага мовазнаўства (падзел гісторыі беларускага мовазнаўства на перыяды) дазваляе больш поўна ахарактарызаваць яго паступовае развіццё, убачыць спецыфіку кожнага этапа, пераемнасць паміж перыядамі.

Але не трэба забываць пра тое, што гісторыя беларускага мовазнаўства – не ізаляваная навука, а частка агульнага мовазнаўства. І таму пры перыядызацыі гісторыі беларускага мовазнаўства неабходна ўлічваць, як развівалася сусветная лінгвістычная думка і які ўплыў яна мела на працэс распрацоўкі беларускай мовы.

Улічыўшы, з аднаго боку, гэты факт, і, з другога боку, усведамляючы, што гісторыя беларускага мовазнаўства мае нацыянальную адметнасць, бо з'яўляецца навукай аб развіцці менавіта беларускай мовы, у гісторыі беларускага мовазнаўства можна вылучыць наступныя перыяды:

1. Х V І – Х V ІІ стст . У гэты час на Беларусі ў розных сферах грамадскага жыцця, наперш, у рэлігіі і навуцы, была пашырана царкоўнаславянская мова. Беларуская ж мова ў гэты перыяд выкарыстоўвалася як дапаможны сродак навуковай распрацоўкі царкоўнаславянскай мовы.

2. Першая палова ХІХ ст. (1800 – 1850 гг). Гэты перыяд вызначаецца стварэннем першых прац па беларускай мове і першымі спробамі выкарыстання фактаў беларускай мовы ў дачыненні да даследавання іншых моў.

Гэтыя перыяды лічацца т.зв. “данавуковымі“, паколькі яшчэ не аформілася параўнальна-гістарычнае мовазнаўства, якое зрабіла своеасаблівую рэвалюцыю ў навуцы аб мове, і з развіццём якога пачалося ўласна развіццё мовазнаўства.

3. Другая палова ХІХ – пачатак ХХ ст. У гэты час адбываецца фарміраванне галоўных напрамкаў беларускага мовазнаўства. На гэты перыяд прыпадае дзейнасць многіх навукоўцаў, якіх цікавіла гісторыя беларускага народа і яго мовы. У даследаваннях той пары, якія мелі пераважна этнаграфічны характар, вельмі многа каштоўнага лінгвістычнага матэрыялу.

4. 20-я гг ХХ ст. – пачатак ХХІ ст. Гэта перыяд сістэматызаванага вывучэння беларускай мовы, які характарызуецца паглыбленнем традыцыйных напрамкаў і ўзнікненнем новых накірункаў лінгвістычных пошукаў. Характэрнай рысай гэтага перыяду з'яўляецца актыўны ўплыў грамадства на мову, дзяржаўнае рэгуляванне мовазнаўчых даследаванняў. У сувязі з гэтым чацвёрты перыяд гісторыі беларускага мовазнаўства з'яўляецца часам вялікіх здабыткаў і цяжкіх страт у беларускім моваўнаўстве і беларускай культуры ўвогуле.

Тэма : Крыніцы вывучэння гісторыі беларускага мовазнаўства

Даволі поўны пералік прац па беларускім мовазнаўстве змешчаны ў шматтомным бібліяграфічным даведніку “Беларускае мовазнаўства“. У першым томе змешчаны пералік прац з 1825 па 1965 гг., у другім томе – з 1966 па 1975, у трэцім – з 1976 па 1985, у чацвёртым – з 1986 па 1995.

З ранніх прац, якія падсумавалі здабыткі папярэднікаў, варта назваць працу рускага вучонага С.Буліча “Очерки истории языкознания в России“ (ХІІІ – 1825 г.) (Спб., 1904 г.) , у якой разглядаецца дзейнасць Л.Зізанія, М.Сматрыцкана, П.Бярынды. Гэты ж аўтар зрабіў агляд выказванняў аб беларускай мове вучоных ХІХ стагоддзя.

Працы па беларускім мовазнаўстве разглядаў таксама А.Ельскі ў артыкуле, змешчаным у кракаўскай газеце ў 1886 годзе.

Нарысы аб навуковай распрацоўцы беларускай мовы вучонымі ХІХ стагоддзя апублікавалі ў канцы ХІХ стагоддзя А.Н.Пыпін і П.В.Уладзіміраў .

Найбольш поўны і грунтоўны агляд гісторыі вывучэння беларускай мовы ад першых выказванняў пра яе да прац канца ХІХ ст. даў Я.Ф.Карскі ў першым томе сваёй знакамітай манаграфіі “Беларусы“ (Варшава, 1903; 2-е выд. – Вільня, 1904).

У 1925 годзе ўбачыла свет праца дацэнта БДУ Я.В.Воўк-Левановіча , дзе быў пашыраны агляд беларускага дарэвалюцыйнага мовазнаўства за кошт аналізу спадчыны рускіх навукоўцаў І.І.Сразнеўскага, А.А.Патабні, А.А.Шахматава.

Праблемы, дасягненні беларускай лінгвістыкі ў новых гістарычных умовах закраналіся ў дакладзе С.М.Некрашэвіча на канферэнцыі 1926 года.

Пытанні гісторыі беларускага мовазнаўства разглядаў і М.Каспяровіч у працы, змешчанай у 1928 годзе ў часопісе “Полымя“.

На жаль, гэтыя таленавітыя навукоўцы 20-х гг. ХХ ст., а таксама многія іншыя патрыёты Беларусі хутка сталі ахвярамі рэпрэсій. І на пэўны час распрацоўка беларускага мовазнаўства была спынена, створаныя працы забаронены, а іх аўтары названы ворагамі савецкага народа і савецкай краіны і знішчаны. Пра многіх навукоўцаў 20-х гадоў ХХ стагоддзя стала можна адкрыта гаварыць толькі нядаўна, а многія прозвішчы забыты і страчаны беларускай культурай назаўсёды.

Сярод тых, хто паступова аднаўляў беларускае мовазнаўства ў пасляваенны час, варта назваць А.І.Жураўскага , А.А.Крывіцкага , Л.М.Шакуна , І.К.Германовіча і іншых даследчыкаў.

З 1976 па 1978 гады выйшлі 3 тамы працы М.Г.Булахава “Восточнославянские языковеды. Библиографический словарь“. Праца сапраўды пабудавана ў форме слоўніка, дзе партрэты асобных лінгвістаў падаюцца з апісанннем іх навуковай дзейнасці. У разгляд уключана дзейнасць навукоўцаў, якія жылі і працавалі пачынаючы з ХVІ ст. і да 70-х гг. ХХ ст.

У працы І.К.Германовіча “Беларускія мовазнаўцы. Нарысы жыцця і навуковай дзейнасці“ (Мн., 1985) таксама апісваецца дзейнасць беларускіх навукоўцаў розных часоў.

Паступова сталі з'яўляцца працы, прысвечаныя дзейнасці такіх навукоўцаў, пра якіх доўгі час увогуле было забаронена гаварыць – В.Ластоўскі, Я.Станкевіч, Я.Лёсік і інш.

Дзейнасці асобных даследчыкаў былі прысвечаны манаграфіі: М.Булахаў “Евфимий Федорович Карский. Жизнь, научная и общественная деятельность“ (Мн., 1981), Я.Рамановіч, А.Юрэвіч “П.А.Бузук“ (Мн., 1969), А.Ліс “Браніслаў Тарашкевіч“ (Мн., 1966) і іншыя працы, прысвечаныя М.Гарэцкаму, М.Нікіфароўскаму, П.Шэйну, Б. Эпімах-Шыпілу і іншым.

Важнейшыя дасягненні беларускага мовазнаўства ад старажытнасці да сучаснасці разгледжаны Т.І.Тамашэвічам у дапаможніку “Гісторыя беларускага мовазнаўства“ (Мн., 1991).

Найвялікшым дасягненнем беларускай філалогіі з'явілася манаграфія Л.М.Шакуна “Гісторыя беларускага мовазнаўства“. Гэта праца, якая выйшла ў Мінску ў 1995 годзе, змяшчае сістэматызаваныя звесткі аб развіцці беларускага мовазнаўства ад яго вытокаў да 1991 года.

Тэма: Развіццё граматычнай думкі ва ўсходніх славян старажытнай пары. Перадумовы кнігадрукавання

Як вядома, асноўныя асаблівасці беларускай мовы склаліся не пазней ХІІІ ст. Пісьмовая форма пачала фарміравацца пазней – прыкладна ў ХІV ст. на аснове жывой народнай гаворкі і агульнаўсходнеславянскіх моўных традыцый. Захавалася нямнога звестак пра старажытныя дапаможнікі для вывучэння мовы . Гэта выразаная на дошцы недзе ў ХІІІ – ХІV стст. азбука, якую адшукалі ў Ноўгарадзе ў 1954 годзе; азбука на бяросце, зробленая, як мяркуюць даследчыкі, хлопчыкам Анфімам у ХІІ – ХІІІ стст. (яе знайшлі ў 1956 годзе таксама ў Ноўгарадзе). Прыкладамі некаторых старажытных слоўнікаў могуць быць т. зв. гласарыі – пераклады і тлумачэнні на палях старонак у помніках эпохі Старажытнарускай дзяржавы. Гэтыя тлумачэнні называліся “праізволы”, “праізвольнікі”, “глосы” – адсюль і іх назва – гласарыі. Пазней да асобных помнікаў пачалі прыкладаць цэлыя слоўнікі-азбукоўнікі, алфавіты, лексіконы.

Сярод асобных граматычных прац, якімі карысталіся ўсходнія славяне, можна назваць сціслы граматычны нарыс “О осмихъ частђхъ слова“ (Пра восем часцін мовы). Гэта пераклад на рускую мову грэчаскай граматыкі.

У 1522 г. Дзмітрый Герасімаў (Талмач) пераклаў лацінскую граматыку Элія Даната (Рым, ІV ст н.э.). Арыгінал перакладу не захавўся, а два яго спісы ў ХVІ ст. былі выдадзены Ігнатам Ягічам. Нягледзячы на тое, што гэты дапаможнік прызначаўся для вывучэння лацінскай мовы, пераклад быў зроблены для вывучэння царкоўнаславянскай мовы, бо лічылася, што схема апісання лацінскай мовы падыходзіць таксама да граматыкі любой іншай мовы.

Нягледзячы на ўсё гэта, сур'ёзнай арыгінальнай працы па мовазнаўстве на ўсходнеславянскіх землях не было амаль да канца ХVІ ст. І толькі з канца ХVІ ст., калі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Украіны з'явілася кнігадрукаванне, пачалі выходзіць разнастайныя граматыкі, буквары, азбукі, слоўнікі і іншыя вучэбныя дапаможнікі па царкоўнаславянскай мове, якая ў той час яшчэ шырока выкарыстоўвалася ў сферах навукі, культуры, а таксама ў рэлігійнай сферы.

Царкоўнаславянская мова была ў той час сродкам барацьбы з каталіцызмам, з Захадам. І таму адной з важных задач было ўзвысіць прэстыж царкоўна-славянскай мовы, надаць ёй выразнасць. Аўтары вучэбных дапаможнікаў зыходзілі з неабходнасці ачысціць царкоўнаславянскую мову ад мясцовых і ўстарэлых слоў, растлумачыць незразумелыя словы, узняць культуру царкоўнаславянскай мовы і тым самым паставіць яе нараўне з іншымі распрацаванымі мовамі, якімі былі на той час лацінская і польская.

Праваслаўныя брацтвы , якія існавалі на Беларусі і Украіне, узялі на сябе клопат пра выданне царкоўнаславянскіх вучэбных дапаможнікаў. У гэтых дапаможніках адлюстраваліся характэрныя рысы ўсходнеславянскіх моў: правілы царкоўнаславянскай мовы нярэдка тлумачыліся па-беларуску, беларускія словы прыводзіліся як адпаведнікі да царкоўнаславянскіх.

Трэба адзначыць, што ўжо ў ХІV ст. беларуская мова была даволі добра распрацаванай: яна мела багаты лексіка-фразеалагічны слоўнік, даволі стройную граматычную сістэму. Беларуская мова гучала ў княжацкіх маёнтках, на сходах князёў у самой Вільні, пашыралася сярод простага народа. Асаблівага росквіту яна дасягнула ў ХV – ХVІ стст., даўшы штуршок развіццю рукапіснай літаратуры. У гэты час з'явілася шмат пропаведзяў, разнастайных гістарычных і палемічных твораў. Усё гэта, безумоўна, садзейнічала ўзнікненню кнігадрукавання – найвялікшай падзеі ў духоўным жыцці ўсіх усходніх славян.

Тэма: Буквары, граматыкі і іншыя вучэбныя дапаможнікі ва ўсходніх славян старажытнай пары

Абвастрэнне барацьбы паміж праваслаўем і каталіцызмам (канец ХVІ ст.) зрабіла відавочнай праблему ажыўлення царкоўнаславянскай мовы. Гэта афіцыйная мова праваслаўнай царквы павінна была стаць больш распрацаванай у правапісных і граматычных адносінах. З мэтай папулярызацыі і павышэння аўтарытэту царкоўнаславянскай мовы Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, дзеячы Астрожскага гуртка ўзяліся за яе нармалізацыю і ўдасканаленне.

Неабходна адзначыць, што буквары, азбукі, граматыкі, слоўнікі, якія на Беларусі пачалі друкаваць у канцы ХVІ стагоддзя, з'яўляюцца агульнаўсходнеславянскімі , не падзяляюцца на беларускія, украінскія, рускія, паколькі распрацоўвалі царкоўнаславянскую (стараславянскую) мову – агульную мову ўсходніх славян (! )

Аднымі з першых з'яўляюцца падручнікі Івана Фёдарава – “Граматыкія -буквар” , выдадзены ў 1574 годзе ў Львове і неаднаразова перавыдадзены пазней, і “Азбука” , выдадзеная ў 1578 годзе ў Астрозе. Назапашаныя ў дастатковай колькасці аб’ектыўны факты дазваляюць сцвярджаць, што І.Фёдараў быў беларусам па паходжанні. Некаторыя вучоныя выказваюць меркаванне, што ён з Мсціслаўшчыны, іншыя падтрымліваюць гіпотэзу пра заходнебеларускі, магчама, палеска-падляшскі радавод асветніка.

У навуковай літаратуры істотнага адрознення паміж тэрмінамі “буквар” і “азбука” амаль не існуе, яны сінанімічныя. Традыцыйна склалася, што буквар мае памер брашуры або невялічкай кнігі, азбука – выданне, звычана меншае па памеры, надрукаванае ў выглядзе табліцы або лістоўкі. “Буквар” І.Фёдарава невялікага памеру, мае 40 аркушаў. Экземпляр яго захоўваецца ў бібліятэцы Гарвардскага універсітэта ў ЗША. Спачатку гэта кніга належала рускаму калекцыянеру Г.Строганаву, які жыў за мяжой. Потым яе набыў другі рускі калекцыянер С.Дзягілеў, пасля якога кніжку атрымаў у спадчыну Б.Кахно. Ён і перадаў яе ў якасці падарунка Гарвардскаму універсітэту ў 1953 годзе. У Савецкім Саюзе пра гэту працу стала вядома толькі ў 1954 годзе.

“Буквар” і “Азбука” І.Фёдарава змяшчаюць у сабе складова-літарную, лінгвістычную, літаратурна-крытычную і навуковую часткі. “Азбука” ў адрозненне ад “Буквара” змяшчае разгорнуты загаловак-надпісанне на дзвюх старонках, грэчаскую азбуку са славянскімі адпаведнікамі грэчаскім літарам, царкоўнае правіла з грэчаскімі малітвамі і іх славянскім перакладам. “Буквар”і “Азбука” І.Фёдарава празначаліся для навучання . З выхадам кніжак гэта стала магчыма па-за межамі царквы, што мела вялікае значэнне ў гісторыі тагачаснай адукацыі. Лінгвістычная частка кніг змяшчае ўласна граматыкію, прасодыю, дзе побач са складанай старажытнай сістэмай акцэнталогіі змяшчаюцца амаграфічныя формы дзеясловаў, артаграфію, дзе разглядаюцца назоўнікі і прыметнікі ў адпаведных склонавых формах пад цітламі, акраверш – пералік цытат, крылатых выразаў з Бібліі. Асветнік таксама знаёміць чытача з кірылічнай цыфір’ю, паводле якой ў стараславянскім пісьменстве лічбы абазначаліся літарамі алфавіта. Уласна тэксталагічная частка прапануе ўвазе чытача паўсядзённае правіла з найбольш ужывальнымі малітвамі. Змяшчэнне малітоўнага правіла ў старажытных падручніках было не выпадковым, бо па малітвах і ўрыўках са Святога Пісання не адно пакаленне нашых продкаў навучылася чытаць і пісаць. Пасляслоўе “Буквара” ўтрымлівае зварот да бацькоў і настаўнікаў, прасякнуты мудрасцю, чуласцю і спагадай, глыбінным разуменнем цярплівасці і любові, з дапамогай чаго толькі і можна наблізіцца да душы і розуму вучня, дзіцяці. У “Азбуцы” замест пасляслоўя змешчаны трактат “О письменахъ” Чарнарызца Храбра, дзе аўтар паказвае дасканаласць і універсальнасць славянскай азбукі. Абавязковае змяшчэнне І.Фёдаравым вольнай інтэрпрэтацыі згаданага вядомага трактата Х ст. яскрава сведчыла пра павагу да роднай мовы, пра патрыятычныя пачуцці да зямлі, якая яго ўзгадавала, і мела грамадска-палітычны сэнс, бо было першай рэакцыяй на пракаталіцкія, антыбеларускія выступленні Пятра Скаргі, які адмаўляў старабеларускай кніжнасці, асабліва выданням І.Фёдарава і іншых брацкіх асветнікаў, у праве на існаванне.

8 кастрычніка 1586 года ў друкарні віленскага купца і грамадскага дзеяча ВКЛ Лявона Мамоніча з’явілася “Кграматыка словеньска языка ”, якая прызначалася “для наученья и вырозуменья божественнаго писаня”. Яе аўтарства прыпісваецца Івану Дамаскіну (знакаміты візантыйскі багаслоў, філосаф, паэт), а пераклад на царкоўнаславянскую мову – Іаану Экзарху (славуты балгарскі пісьменнік і вучоны, вядомы як заснавальнік філалагічных ведаў у славян). Некаторыя даследчыкі на падставе карпатлівага тэксталагічнага аналізу сцвярджаюць, што аўтарства Кграматыкі словеньска языка” належыць Івану Фёдараву . Гэта невялікая праца, якая складаецца з 14 аркушаў, прысвячалася граматычнай распрацоўцы царкоўнаславянскай мовы і змяшчала славянскую граматычную тэрміналогію. У пасляслоўі ўказвалася, што складзена гэта граматыка была ў Астрозе (Украіна), а потым надрукавана ў Вільні. У гэтай граматыцы асвятляліся некаторыя агульныя пытанні марфалогіі царкоўнаславянскай мовы.

У 1591 годзе Львоўскае брацтва – адно з найбольш актыўных і самастойных брацтваў паўднёва-заходняй часткі Русі, якое мела сваю тыпаграфію і школу, выпусціла грэка-славянскую граматыку “Адэльфоціс . Грамматика доброглаголиваго еллинословенскаго языка. Совершеннаго искусства осмии частей слова. Ко наказан і ю многоименитому рос і йскому роду . Грэчаскую частку гэтай граматыкі склаў адзін з арганізатараў брацкага вучылішча грэк мітрапаліт Арсеній Эласонскі , на царкоўнаславянскую мову граматыка была перакладзена вучнямі Арсенія. Даследчыкі сведчаць сувязь “Адэльфоціса...” з шэрагам вядомых грэчаскіх граматык еўрапейскага Адраджэння, аднак гэта праца не была механічнай перапрацоўкай папярэдніх граматык. “Адэльфоціс...” – своеасаблівы помнік. Гэта граматыка адначасова грэчаскай і царкоўнаславянскай моў : на старонках злева надрукаваны грэчаскі тэкст, а справа – яго славянскі пераклад. Такі прынцып пабудовы граматыкі адпавядаў тагачасным ўяўленням пра падабенства граматычных структур розных моў.

“Кграматыка словеньска языка” і “Адэльфоціс...” не былі грунтоўнымі працамі, іх практычнае значэнне было невялікім.

Адной з першых дасканалых і грунтоўных граматык, з якой пачаўся новы этап у гісторыі беларускага мовазнаўства, з'яўляецца “Грамматика словенска съвершеннаго искусства сьми частий слова, и иных нуждных. Ново съставленна Л (Лаўрэнціем) Z (Зізаніем)” , якая выйшла ў 1596 годзе ў Вільні. На 192 старонках кнігі ў форме пытанняў і адказаў , якія даюцца не толькі па-царкоўнаславянску, але і “па-руску”, г. зн. па-беларуску, былі выкладзены граматычныя асновы царкоўнаславянскай мовы, яе гукавы склад. “Граматыка...” насычана правіламі, вызначэннямі, узорамі скланення іменных часцін мовы, спражэння дзеясловаў. Граматыка Лаўрэнція Зізанія прызначалася ў першую чаргу для вывучэння царкоўнаславянскай мовы , якой карысталіся на ўсходнеславянскіх землях у канцы ХVІ стагоддзя і якая да гэтага часу паступова насычалася мясцовымі моўнымі элементамі. Таму аўтар пры тлумачэнні асобных з'яў царкоўнаславянскай мовы выкарыстоўваў і асаблівасці беларускай мовы, што надавала працы адметны каларыт, садзейнічала збліжэнню мовы рэлігійнага пісьменства з жывой беларускай гаворкай. Мясцовы моўны матэрыял выкарыстоўваўся не як аб'ект даследавання, а як сродак апісання царкоўнаславянскай мовы.

“Граматыка” Л.Зізанія складалася з чатырох частак : арфаграфіі, прасодыі, этымалогіі і сінтаксіса. Пры тэарэтычным асэнсаванні моўных фактаў і з'яў аўтар абапіраўся на традыцыі грэчаскай і лацінскай лінгвістычнай тэорыі. У “Арфаграфіі ” апісаны літары, якія падзелены на галосныя і зычныя. Асаблівасці правапісу галосных выкладзены ў “Канонах арфаграфіі”, змешчаных у канцы кнігі. У правапіснай сістэме “Граматыкі” адлюстраваны працэс больш-менш свабоднага пранікнення народна-гутарковай стыхіі ў рэлігійнае пісьменства. Гэта выразна праявілася ў паасобных выпадках перадачы некаторых спецыфічных рыс беларускай мовы: акання, зацвярдзення губных, шыпячых і [р].

У другой частцы “Прасодыя ” падрабязна разглядаюцца асаблівасці націску і яго віды. У гэтай жа частцы змешчаны параграф аб знаках прыпынку і ўжыванні цітлы.

У трэцяй частцы “Этымалогія ” Л.Зізаній выдзяляе восем часцін мовы : “различие, имя, местоимя, глагол, причастие, предлог, наречие, союз”. Кожная часціна мовы атрымала падрабязнае тлумачэнне і апісанне. Найбольшая ўвага надаецца імёнам (назоўніку, прыметніку, лічэбніку) і дзеяслоўным формам. Л.Зізаній побач з царкоўнаславянскімі прыводзіў і ўсходнеславянскія формы, агульныя для беларускай і ўкраінскай моў. Зізаній выкарыстаў уласцівыя беларускай мове формаўтваральныя сродкі пры апісанні асаблівасцей утварэння ступеней параўнання прыметнікаў (суфіксы -ейш , -ш ; прэфікс -най ). Тэндэнцыя выкарыстання беларускіх форм побач з царкоўнаславянскімі адлюстравана пры разглядзе займеннікаў, дзеясловаў цяперашняга часу. Уздзеянне жывой беларускай гаворкі на царкоўнаславянскую мову выразна праявілася ва ўжыванні многіх беларускіх лексем: але, годность, дарую, деля, ведаці, лагодная, мов ити , потреба і іншых.

“Граматыка...” Л.Зізанія адыграла важную ролю ў развіцці беларускай мовы. Яна была шырока распаўсюджаным падручнікам у Беларусі, Літве, на Украіне і ў Расіі. Яе ведалі таксама ў Сербіі, Балгарыі і ў Польшчы. Некалькі дзесяцігоддзяў яна была настольнай кнігай у брацкіх школах. Праца Л.Зізанія з’явілася ўзорам для пазнейшых складальнікаў граматык.

Л.Зізаній выдаў таксама буквар пад назвай “Наука ко читаню и розуменю письма Словенского...” і дадаў да яго слоўнік “Лексис, сиречь речения, въкратъце събраньны и из словенскаго языка на простый рускій діялектъ истолъкованы”, больш падрабязная гаворка пра які будзе ніжэй.

У 1596 годзе Віленскае брацтва выпусціла яшчэ адзін падручнік “Часовникъ. В нем же напредъ и азбуки к научению детем хотящи разумети писание ”.

Недзе паміж 1592 і 1601 гадамі выйшлі, напэўна, у Вільні, іншыя вучэбныя дапаможнікі – буквар і два “Часословы ”, якія таксама служылі для навучання. У гэтыя ж гады быў выдадзены яшчэ адзін буквар, які па тэксце з’яўляецца копіяй Львоўскага буквара І. Фёдарава.

Такім чынам, у канцы ХVІ – пачатку ХVІІ стст. у Вільні было надрукавана некалькі каштоўных кніг, прызначаных для навучання чытаць і пісаць.

Вяршыняй мовазнаўчай навукі на Беларусі ў пачатку ХVІІ ст. з’явілася “Грамматика славенския правилное синтагма” Мілеція Сматрыцкага , выдадзеная ў 1619 годзе ў Еўі каля Вільні.

Мілецій Сматрыцкі, украінец па паходжанні, большую частку свайго свядомага жыцця правёў на Беларусі, яго праца з’явілася водгукам на запатрабаванні беларускага культурнага асяроддзя, што і дае падставу лічыць яго граматыку здабыткам беларускага мовазнаўства. Больш за стагоддзе “Граматыка...” М.Сматрыцкага была асноўным падручнікам, па якім у школах Беларусі, Маскоўскай Русі і Украіны вывучалі царкоўнаславянскую мову. Пра высокі аўтарытэт “Граматыкі...” сведчыць той факт, што яна двойчы перавыдавалася з нязначнымі зменамі ў Маскве (у 1648 і 1722 гг.). У ХVІІІ – першай палове ХІХ стст. яна стала “вратами учености” , як адзначыў М.В. Ламаносаў, для ўсіх славянскіх народаў.

Выдадзеная для практычных патрэб школьнай асветы, “Граматыка...” М.Сматрыцкага мела не толькі культурнае, але і грамадска-палітычнае значэнне: пасля яе з’яўлення прадстаўнікі каталіцызму і уніяцтва перасталі гаварыць пра царкоўнаславянскую мову як пра неўнармаваную, малазразумелую і граматычна не распрацаваную. “Граматыка...” М.Сматрыцкага з’явілася ўзорам стварэння шматлікіх граматычных дапаможнікаў не толькі ва ўсходняй частцы славянскага свету, але і на паўднёва-славявянскіх землях, краінах каталіцкага Захаду.

Асноўнае прызначэнне “Граматыкі...” М.Сматрыцкі бачыў у тым, каб навучыць правільна чытаць і разумець царкоўнаславянскія тэксты, а таксама пісаць . М.Сматрыцкаму ўдалося ўстанавіць нормы царкоўнаславянскай мовы, надаўшы ім пэўную стройнасць і паслядоўнасць. Поспеху садзейнічала сур’ёзная навуковая аснова, якая адрознівала гэтую граматыку ад папярэдніх, якія не маглі атрымаць усеагульнага прызнання.

Напісаная ў рэчышчы грэчаскіх і лацінскіх мовазнаўчых традыцый, “Граматыка...” М.Сматрыцкага вызначалася ўдала распрацаванай структурай. У склад яе ўваходзілі наступныя часткі : арфаграфія, этымалогія (навука пра часціны мовы), прасодыя (вучэнне пра віды націску і абазначэнне яго на пісьме), тэорыя вершаскладання і сінтаксіс. Пад арфаграфіяй М.Сматрыцкі разумеў не толькі правілы перадачы слоў на пісьме, але і правільнае вымаўленне, пастаноўку знакаў прыпынку. Усе гукі ён падзяліў на галосныя і зычныя. Сярод галосных ён адрозніваў галосныя поўнага ўтварэння і рэдукаваныя (ь, ъ), якія не абазначалі гука, а ўжываліся для абазначэння цвёрдасці або мяккасці зычных. Зычныя М.Сматрыцкі падзяліў на “полгласна” (вымаўляюцца з удзелам голасу) і “безгласна” (вымаўляюцці без удзелу голасу). Гэты падзел намеціў сучаснае размежаванне звонкіх і глухіх зычных.

М.Сматрыцкі быў першаадкрывальнікам і вынаходцам многіх лінгвістычных тэрмінаў . Ён упершыню ўжыў паняцці ‘зборныя назоўнікі‘, ‘месны (сказательный) склон‘, упершыню вылучыў новую часціну мовы – выклічнік – і даў яе апісаннне. Даў характарыстыку дзеепрыслоўю як форме дзеяслова. Усяго ён вылучыў восем часцін мовы , якія падзяліў на скланяльныя (імя, дзеяслоў, займеннік, дзеепрыметнік) і нескланяльныя (прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, выклічнік).

М.Сматрыцкі падзяліў усе склоны на прамыя і ўскосныя, адзначыў, што прыметнікі могуць мець поўную і кароткую формы і падзяляюцца на якасныя і адносныя.

Адным з першых М.Сматрыцкі пачаў распрацоўваць пытанні стылістычнага сінтаксісу , даў падрабязнае апісанне разнастайных стылістычных фігур. Невялікі раздзел “Граматыкі...” прысвечаны тэорыі вершаскладання , дзе выкладзены парады тым, хто хоча пісаць вершы, апісаны найбольш ужывальныя стопы і вершаваныя памеры (метры).

Істотнай часткай “Граматыкі...” з’яўляецца вучэнне аб сінтаксісе. Аўтар выклаў правілы спалучэння прыметніка з назоўнікам, дзеясловам і імем у родным склоне, дзеяслова з імем ў давальным склоне.

Уласна беларускіх моўных асаблівасцей у “Граматыцы...” нямнога, пераважна гэта лексічныя, правапісныя і акцэнталагічныя адметнасці. М.Сматрыцкаму былі добра вядомы асаблівасці народна-гутарковага вымаўлення, таму ў адным з правілаў ён раіў не змешваць на пісьме [ф] і [хв], размяжоўваць выбухны і фрыкатыўны [г], не блытаць [е] і [ђ]. Гэтыя і іншыя асаблівасці жывой мовы не парушалі структуру царкоўнаславянскай мовы, а толькі падкрэслівалі, што аўтар выразна іх адрозніваў.

“Граматыка...” М.Сматрыцкага кадыфікавала царкоўнаславянскую мову, якая была вядома на тэрыторыі Беларусі і Украіны і адчувала пэўны ўплыў з боку беларускай і ўкраінскай моў, што вызначыла наяўнасць у мове варыянтных граматычных форм, лексічных адзінак, асобных арфаграфічных і акцэнталагічных адхіленняў.

“Граматыка...” М.Сматрыцкага аказалася сур’ёзнай навуковай працай. Доўгі час ёй не было роўных у славянскім свеце.

У 1618 годзе ў Еўі быў выдадзены “Букварь языка славенска, писаний чтения оучитися хотящим в полезное руковожение . Склалі яго манахі Святадухаўскага манастыра ў Вільні, дзе ў той час жыў і М.Сматрыцкі. Граматычны раздзел буквара нагадвае сціслы канспект “Граматыкі...” М.Сматрыцкага, які, несумненна, прымаў удзел у падрыхтоўцы гэтага выдання. Дакладнасць і прадуманасць кампазіцыі кнігі, агульнадаступнасць матэрыялу, адметнае мастацкае афармленне зрабілі “Буквар...” своеасаблівым узорам для іншых складальнікаў школьна-вучэбных кніг.

З пазнейшых падручнікаў можна назваць такія: “Грамматіка. Албо сложеніе п и смена, хотя щимся учити словеньскаго языка младолетним… отрочатомъ , выдадзены ў Вільні ў 1621 годзе. Гэта буквар, аздоблены гравюрамі.

Асобнае месца сярод філалагічных дапаможнікаў старажытнай пары займае “Граматыка словенская” Івана (Иоанна) Ужэвіча . Звесткі пра Івана Ужэвіча, гады жыцця якога невядомыя, абмяжоўваюцца амаль што толькі тым, што пазначана на тытульнай старонцы парыжскага спіса “Граматыкі...”: “Граматыка словенская напісана през Иоанна Ужевича словянина, славной Академии Паризской в теологии студента в Парижу”. Іван Ужэвіч да гэтага часу, напэўна, вучыўся ў Ягелонскім (Кракаўскім) універсітэце, што вядома са спісаў студэнтаў гэтага ўніверсітэта за 1637 год. З кракаўскага перыяду дайшлі да нас толькі яго паэтычныя творы пераважна панегірычнага характару.

“Граматыка...” І. Ужэвіча ў наш час вядома ў дзвюх рукапісных рэдакцыях 1643 і 1645 гг. Першая з іх захоўваецца ў Нацыянальнай Бібліятэцы ў Парыжы, другая – у бібліятэцы г.Араса на поўначы Францыі. Шырокаму колу даследчыкаў яна стала вядома толькі ў 1970 годзе пасля факсімільнага перавыдання яе ўкраінскімі лінгвістамі. Хаця дакладна вядома, што “Граматыка...” І. Ужэвіча не друкавалася пры жыцці аўтара, было б няправільна лічыць, што ў айчынным і замежным мовазнаўстве не было вядома пра яго навуковую спадчыну. Звяртацца да прац І.Ужэвіча пачалі ўжо ў пачатку ХVІІІ ст., і як не дзіўна, перш за ўсё замежныя вучоныя. Асаблівую ўвагу да прац І.Ужэвіча праявілі славянскія вучоныя (чэх Йозеф Добраўскі, славенец Варфаламей Копітар, рускі Сяргей Строеў). Славянскія мовазнаўцы пры складанні граматык абапіраліся на вопыт І.Ужэвіча.

Аналіз складу “Граматыкі...” сённяшнімі даследчыкамі паказвае, што І.Ужэвіч адлюстраваў і апісаў стан сучаснай яму беларускай літаратурнай мовы , надзвычай дакладна зафіксаваўшы лексічныя, фанетычныя, словаўтваральныя і марфолага-сінтаксічныя змены, якія адбываліся ў ёй да ХVІІ ст. “Граматыка...”, відаць, была напісана з улікам вопыту першай універсальнай граматыкі “Мінервы” таленавітага іспанскага вучонага Ф.Санчаса.

“Граматыка...” напісана на лацінскай мове, якая ў той час шырока выкарыстоўвалася ў Еўропе, а ілюстрацыйны матэрыял і парадыгмы пададзены кірыліцай . “Граматыка...” была арыентавана перш за ўсё на заходнееўрапейскага чытача, які цікавіўся мовай сваіх суседзяў з Усходняй Еўропы. Сваёй “Граматыкай...” І.Ужэвіч хацеў пазнаёміць замежнага чытачы са сваёй Радзімай, яе багатай і дасканалай мовай.

Пасля выдання ў 1970 г. “Граматыкі...” Ужэвіча ўкраінскімі моваведамі ва ўкраінскіх навуковых выданнях з’явілася серыя артыкулаў, у якіх падкрэслівалася, што праца І.Ужэвіча – гэта граматыка ўкраінскай мовы. На жаль, у беларускім мовазнаўстве “Граматыка...” І.Ужэвіча аказалася амаль незаўважанай. У сярэдзіне 70-х гг. ХХ ст. англійскі беларусіст Дж. Дынглі ў спецыяльным артыкуле пераканаўча паказаў перавагу ў гэтай “Граматыцы...” беларускіх моўных рыс. Даследчык зрабіў вывад, што адлюстраваная ў ёй мова з’яўляецца літаратурна-пісьмовай мовай ВКЛ, і “Граматыку...” трэба прызнаць часткай лінгвістычнай спадчыны Беларусі. Дж. Дынглі ўстанавіў таксама, што сам І.Ужэвіч паходзіць аднекуль з паўднёва-заходняй часткі Беларусі. З-за абмежаванасці моўнага матэрыялу “Граматыкі...” (у ёй няма тэкстаў, толькі сказы, многія сказы незакончаныя) пытанне аб тым, якая мова апісана ў “Граматыцы...” – беларуская ці ўкраінская – наўрад ці можна вырашыць канчаткова. Аднак варта падкрэсліць, што гэта не царкоўнаславянская мова. Тэрмін ‘словенская‘ ў загалоўку ўжыты не ў тым значэнні, якое ён меў ва ўсходнеславянскай граматычнай традыцыі ХVІ – ХVІІ стст. (стараславянская, царкоўнаславянская), а як родавае абазначэнне розных славянскіх моў. “Граматыка...” І.Ужэвіча ў пэўнай ступені прадстаўляла адразу некалькі славянскіх моў, вядомых аўтару, аднак асноўным прадметам “Граматыкі...” была адна мова – тая, на якой размаўлялі ruteni . У Заходняй і Цэнтральнай Еўропе ХV – ХVІІ стст. тэрмін ruteni побач з russi і roxolani абазначаў разам беларусаў і ўкраінцаў , у адрозненне ад тэрміна moschovitae , які ўжываўся для абазначэння “московитов, великорусов” . У І.Ужэвіча sacra lingua sclavonica (царкоўнаславянская мова) супрацьстаіць мове, якая з’яўляецца аб’ектам “Граматыкі...” (ruteni ). Такім чынам, “Граматыка...” І.Ужэвіча ўяўляе сабой першы ва ўсходнеславянскай традыцыі вопыт апісання не царкоўнаславянскай мовы, а літаратурна-пісьмовай мовы (! ), якой карысталіся ў ВКЛ у Х V І – Х V ІІ стст. і якая ў аднолькавай ступені з’яўляецца спадчынай беларусаў і ўкраінцаў . Перш за ўсё гэтым цікавая для нас “Граматыка...” І.Ужэвіча.

“Граматыка словенская” І. Ужэвіча складаецца з трох частак: фанетыка-арфаграфічнай, марфалагічнай і сінтаксічнай. Пры разглядзе гукаў і літар (гэтыя паняцці яшчэ не размяжоўваліся) вылучаліся 43 літары, з іх 24 зычныя, астатнія – галосныя.

У правапісе І.Ужэвіч зафіксаваў найбольш адметныя асаблівасці старабеларускага пісьма, якія адлюстравалі спецыфічныя фанетычныя працэсы ў народна-гутарковай мове. Ён не адрозніваў на пісьме літары ђ і е, што сведчыла пра супадзенне гукаў [ђ] і [е] у адным – [э]; адлюстраваў працэс зацвярдзення губных на канцы слова, шыпячых, [ц], [р]. Гэтым “Граматыка...” І.Ужэвіча збліжалася з нормамі старабеларускага дзелавога пісьменства, якое арыентавалася на перадачу асноўных фанетычных асаблівасцей жывой мовы. І.Ужэвічам шырока перададзены разнастайныя асіміляцыйна-дысіміляцыйныя працэсы. Да спецыфічных беларускіх рыс , адлюстраваных у “Граматыцы...”, належаць напісанне прыстаўной і (ірце ), спалучэння зн замест здн і інш. Пры афармленні форм роднага склону неадушаўлёных абстрактных назоўнікаў мужчынскага роду І.Ужэвіч прапанаваў канчатак -у - (кошту , розуму ). З іншых асаблівасцей можна адзначыць ужыванне словаформ з канчаткамі –амі (-ямі ) для творнага, -ахъ (-яхъ ) для меснага склону назоўнікаў множнага ліку (каменями , въ соболяхъ ). Характэрнымі для беларускай мовы марфалагічнымі паказчыкамі вызначалася і сістэма прыметніка, напрыклад, канчаткам -ого для прыметнікаў мужчынскага роду і –ое для жаночага роду ў родным склоне адзіночнага ліку (вдячного , святое ); суфіксамі –ш -, -ейш -, прэфіксам най - для ўтварэння форм ступеней параўнання (смачнейший , найсмачнейший ).

Па сутнасці ўпершыню І.Ужэвіч даў трохчленную класіфікацыю часавых форм дзеяслова (цяперашні, будучы, прошлы), што адпавядала рэальнаму стану мовы. Услед за М.Сматрыцкім І.Ужэвіч разгледзеў дзеепрыслоўе. У граматычна-правапіснай сістэме І.Ужэвіч адлюстраваў працэс станаўлення марфалагічных норм старабеларускай мовы. Ён засяродзіў увагу на апісанні сінтаксічных асаблівасцей народнай мовы, у прыватнасці, параўнальных прыметнікавых канструкцый (слонце яснейшое месеца ), інфінітыўных і дзеепрыслоўных словазлучэнняў (ён упившися пошол спати ). У лексічным складзе “Граматыкі...” І.Ужэвіча добра адлюстраваны працэс фарміравання слоўніка беларускай мовы на пэўным гістарычным этапе. У слоўнікавым, як і ў граматычным складзе, “Граматыка...” І.Ужэвіча адлюстравала характэрны для свайго часу працэс узаемаўплыву і ўзаемаўзбагачэння беларускай і польскай моў.

На жаль, “Граматыка словенская” не была надрукавана і не змагла адыграць належнай ролі ў распрацоўцы мовы тагачаснай свецкай літаратуры. Аднак усё зробленае Іванам Ужэвічам дае падставы сцвярджаць, што яго імя павінна стаяць побач з імёнамі такіх выдатных дзеячоў эпохі беларускага Адраджэння, як Ф.Скарына, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, В.Цяпінскі, С.Будны і інш. Такім чынам, буквары, граматыкі і іншыя вучэбныя дапаможнікі засведчылі высокі ўзровень мовазнаўчай думкі на Беларусі ў старажытныя часы. Аб’ектам іх распрацовак была ў асноўным царкоўнаславянская мова. Уласна беларуская мова стала аб’ектам вывучэння значна пазней. Аднак традыцыі старажытнага ўсходнеславянскага мовазнаўства адыгралі станоўчую ролю ў яе распрацоўцы.

Тэма: Старажытныя ўсходнеславянскія лексікаграфічныя дапаможнікі

Друкаваныя слоўнікі канца ХVІ – ХVІІ стст. прадэманстравалі высокі ўзровень філалагічнай думкі ўсходніх славян старажытнай пары. К канцу ХVІ ст. перадавыя дзеячы культуры ўжо мелі багаты вопыт перакладаў і тлумачэнняў незразумелых слоў. Сярод тых, хто займаўся гэтай справай, можна назваць Францыска Скарыну, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Мілеція Сматрыцкага і іншых дзеячоў.

Царкоўнаславянская мова як афіцыйная мова праваслаўнай царквы, навукі была не зусім зразумелай простым людзям, якія ў паўсядзённым жыцці карысталіся жывой беларускай мовай. З мэтай наблізіць простых людзей да культуры і навукі Францыск Скарына на палях сваіх выданняў рабіў глосы – падбіраў адпаведнікі да царкоўнаславянскіх слоў, слоў запазычаных або ўстарэлых. Можна лічыць, што глосы, змешчаныя ў выданнях Ф.Скарыны – першыя працы па беларускай лексікаграфіі. Для тлумачэння незразумелых слоў Ф.Скарына выкарыстоўваў розныя спосабы тлумачэння . Часцей за ўсё ён выкарыстоўваў спосаб аднаслоўнага перакладу (риторъ – мовца, языцы – народы, скиния – становішча ). Сустракаюцца таксама тлумачэнні слоў словазлучэннямі (югъ – ветръ полуденный, ливъ – ветръ отъ западу ). У выданнях Ф.Скарыны адлюстраваны амаль усе фанетычныя рысы жывой беларускай мовы ХVІ ст.

Ф.Скарына ўводзіў у тэксты спрадвечнабеларускія словы тыпу ужитокъ, господаръ, помста, смуток, обецати, пригожий і многія іншыя, а таксама многія граматычныя рысы жывой беларускай мовы: канчатак -у (-ю) у форме Р.скл. назоўнікаў мужчынскага роду, -ого (-его) прыметнікаў і іншыя. Гэтым Ф.Скарына падсвядома імкнуўся да прызнання яго роднай мовы ў якасці літаратурнай, дзяржаўнай, здольнай выконваць разнастайныя функцыі ў грамадстве. Гэты накірунак, намечаны Ф.Скарынам, знайшоў свой далейшы працяг у дзейнасці яго паслядоўнікаў – С.Буднага, В.Цяпінскага, Л.Зізанія, М.Сматрыцкага і іншых, у тым ліку ананімных дзеячоў другой паловы ХVІ – ХVІІ стст., якія поўнасцю перайшлі на беларускую мову.

Значнай лексікаграфічнай працай неабходна прызнаць і глосы Васіля Цяпінскага , пададзеныя ў Евангеллі (пач. 70-х гг. ХVІ ст.). Гэтыя глосы разнастайныя паводле формы і зместу. Найчасцей сустракаюцца глосы, у якіх паясняецца сэнс невядомых на той час слоў і выразаў. Многія глосы маюць этымалагічны характар – у іх змяшчаюцца звесткі пра паходжанне слоў, пазначана, з якой мовы прыйшло пэўнае слова, і іншае.

Адной з першых ва ўсходніх славян спроб стварэння тлумачальна-перакладнога слоўніка з’яўляецца рукапісны “Лексисъ съ толкованіемъ словенскіх мовъ просто” (другая палова ХVІ ст.). Зверка слоўніка з тэкстамі тагачасных выданняў, і перш за ўсё Астрожскай Бібліі І.Фёдарава (1581 г.), дае важкія аргументы, якія дазваляюць замацаваць за Іванам Фёдаравым аўтарства “Лексиса съ толкованіемъ словенскіх мовъ просто”. “Лексисъ...” змясціў 897 слоў, з іх 776 слоў былі перакладзены з царкоўнаславянскай мовы на жывую гаворку. Старажытнабеларускімі лексічнымі адпаведнікамі тлумачыліся таксама запазычанні з грэчаскай, лацінскай і іншых моў. “Лексисъ...” – адзін з самых ранніх помнікаў старажытнай беларускай лексікаграфіі, які меў на мэце не толькі садзейнічаць вывучэнню царкоўнаславянскай мовы, але і далучаць вучняў брацкіх школ да простай народнай мовы.

У 1596 годзе ў Вільні Лаўрэнцій Зізаній выдаў асобны слоўнік – “Лексис, сиречь речения, въкратъце събраньны и из словенскаго языка на простый рускій діялектъ истолъкованы” . Гэта асобная друкаваная лексікаграфічная праца тлумачальна-перакладнога тыпу, дзе незразумелыя царкоўна-славянскія словы растлумачаны пры дапамозе агульнаўжывальнай старабеларускай лексікі.

У рэестравай частцы слоўніка 1061 слова, у тлумачальнай – больш за 2 тыс. слоў. Рэестравыя словы размешчаны ў алфавітным парадку. Значная большасць слоў адносіцца да кніжнай лексікі (напр., ангел, апостолъ, храмъ ). Сустракаюцца таксама словы, якія ўваходзяць у розныя тэматычныя групы царкоўнаславянскай лексікі, бытавая лексіка, а таксама спецыяльная, тэрміналагічная, назвы шматлікіх абстрактных паняццяў. У сваім слоўніку Л. Зізаній замацаваў многія ўласнабеларускія словы (лазня, глупство, населникъ, порада ). Добра ведаючы народную гаворку, Л.Зізаній нярэдка ўводзіў у слоўнік шматлікія беларускія сінонімы (врач – лекар, доктар; ярость – сердитость, запальчивость; гибель – утрата, погибель ). У “Лексисе...” пераважаюць нейтральныя словы, аднак сустракаюцца і эмацыянальна-вобразныя, стылістычна афарбаваныя (истуканъ – вылітый болъванъ ). “Лексис...” меў для свайго часу вялікае практычнае значэнне: тагачасныя пісьменнікі мелі багаты матэрыял для выбару патрэбнага слова – кніжнага або жывога народнага.

У ХVІІ ст. слоўнікавую справу працягваў Памбва Бярында . Яго слоўнік “Лексіконъ славеноросскій и имен тлъкованіе” быў выд8адзены ў 1627 годзе ў Кіеве, а потым перавыдадзены ў 1653(8?) у друкарні Куцеінскага манастыра пад Оршай. Сваю працу П.Бярында ствараў 30 гадоў у неспрыяльных умовах. П.Бярында поўнасцю выкарыстаў “Лексис...” Л.Зізанія, а таксама матэрыялы іншых тагачасных слоўнікаў.

У “Лексіконе...” каля 7 тыс. рэестравых слоў, з іх каля 5 тыс. – агульнаўжывальныя, каля 2 тыс. – уласныя назвы. Часцей рэестравыя словы тлумачацца адным словам (лествица – драбина, агница – авечка ), але нарэдка сустракаюцца і сінанімічныя рады для тлумачэння рэестравых слоў (баснь – казка, байка, вымысел ). Ёсць у слоўніку і разгорнутыя тлумачэнні рэестравых слоў (коха – мурашникъ, в котором мурашки живутъ ). Сустракаюцца ў слоўніку каментарыі этымалагічнага характару, але ў некаторых выпадках П. Бярында этымалогію падаваў памылкова.

Патрэбнасць, папулярнасць слоўніка, а таксама той факт, што праз некаторы час яго ўжо цяжка было дзе-небудзь знайсці або купіць, сталі прычынай перавыдання слоўніка. У другім выданні некаторыя незразумелыя ўкраінізмы былі заменены беларускімі словамі, але ўвогуле слоўнік быў перавыдадзены без істотных змен.

“Лексікон...” П.Бярынды выяўляў багацці царкоўнаславянскай мовы, а таксама шырока дэманстраваў лексічныя сродкі жывой народнай гаворкі. Тым самым слоўнік спрыяў папулярызацыі царкоўнаславянскай мовы, а таксама знаёмству з фактамі беларускай мовы.

Адной з аўтарытэтных сярод расійскіх лексікографаў прац, разам з “Лексисам съ толкованіемъ словенскіх мовъ просто” і “Лексісам... Л.Зізанія, была “Сіноніма славенаросская” – тлумачальна-перакладны лексікон ХVІІ стагоддзя. У яго рэестравай частцы, якая змяшчае каля 5 тыс. сінанімічна-тлумачальных радоў, пераважае старажытная беларуская лексіка, якая перакладаецца на старажытнарускую мову. Гэты слоўнік – самы апошні помнік пісьменства часоў беларуска-ўкраінскай этнічнай супольнасці.

Такім чынам, “Лексис...” Л.Зізанія, “Лексікон...” П.Бярынды, а таксама іншыя лексікаграфічныя працы старажытнай пары спрыялі таму, што беларуская, украінская, руская і царкоўнаславянская лексіка станавіліся раўнапраўнымі. А гэта садзейнічала таму, што літаратурная мова паступова страчвала стараславянскія архаічныя элементы і ўсё больш убірала ў сябе словы жывой народнай гаворкі.

Своеасаблівым шматмоўным слоўнікам старажытнай пары можна лічыць “Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці” Ліцынія Намыслоўскага . Ліцыній Намыслоўскі паходзіў з сілезскага горада Намыслаў. Вучыўся ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. У 1585 г. быў прызначаны рэктарам арыянскай школы ў Іўі, заснаванай паплечнікамі С.Буднага, з 1593 г. – прапаведнік абшчыны арыян у Навагрудку. Сваю асветніцкую дзейнасць Л.Намыслоўскі прысвяціў барацьбе за здзяйсненне ідэй левага рацыяналістычнага крыла Рэфармацыі, якое на Беларусі ўзначальваў С.Будны. Светапоглядную пазіцыю Л.Намыслоўскага, заснаваную па прынцыпе дэізму, адлюстроўвае яго вусная і пісьмовая палеміка з іезуітамі і кальвіністамі. У 1615 г. за атэістычныя погляды Навагрудскі сінод адлучыў Л.Намыслоўскага ад сацыніянскай абшчыны.

Л.Намыслоўскі – адзін з пачынальнікаў свецкай адукацыі на Беларусі. Працуючы ў Іўеўскай школе, ён напісаў падручнік па логіцы пад назвай “Дапаможнік для авалодання вучэннем Арытоцеля” і надрукаваў яго ў Лоску ў 1586 г. на лацінскай мове. У гэтай кнізе шмат лагічных разважанняў, у якіх крытыкаваліся асноўная догмы хрысціянскай рэлігіі. У 1589 г. у Лоскім друкарскім двары выдадзены другі вучэбны дапаможнік Л.Намыслоўскага “Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці” – адзіны ў сваім родзе зборнік маралізатарскіх выказванняў, часткова арыгінальных думак, часткова запазычаных з іншых лірататурных крыніц і апрацаваных у вершаванай форме. Гэту кнігу можна лічыць першым падручнікам жывых замежных моў у тагачаснай Беларусі, таму што тут чаргаваліся розныя, але аналагічныя паводле зместу выказванні на лацінскай, польскай і нямецкай мовах. У кнізе 255 вершаваных павучанняў трох тыпаў, вытрыманых у духу Адраджэння. Лацінская частка набрана антыквай (лацінскі шрыфт прамавугольнай вуглаватай формы), польская частка – гатычным шрыфтам, нямецкая – курсівам. У 110 павучаннях ёсць спасылкі на крыніцы (псалмы, прытчы, Кнігу прарокаў, Евангелле і інш.). Увогуле ж сентэнцыі, вершаваныя Л.Намыслоўскім, арыгінальныя і не маюць аналогій у працах тагачасных еўрапейскіх паэтаў. Спецыяльныя сентэнцыі Л. Намыслоўскі прысвяціў такім маральным вартасцям і заганам, як паслухмянасць, непакой, памяркоўнасць, вытрымка, п’янства, помста, мудрасць і інш. Для ўсіх выслоўяў характэрны розныя адценні адной і той жа думкі на лацінскай, нямецкай і польскай мовах, што яшчэ шырэй раскрывае абрысы задумы аўтара, яго поглядаў і высноў. Спадчына Л. Намыслоўскага і сёння мае філасофскае, маральнае і літаратурна-мастацкае значэнне.

Рукапісныя і друкаваныя граматыкі, слоўнікі і буквары ХVІ – ХVІІстст. сведчаць пра высокі ўзровень філалагічнай навукі на Беларусі. Яны аказвалі ўздзеянне на старабеларускае пісьменства з боку уніфікацыі і стандартызацыі літаратурных норм, садзейнічалі вывучэнню і апісанню семантыкі слоў, уводзілі ў навуковы ўжытак народна-размоўныя формы.

У Вялікім Княстве Літоўскім беларуская мова была дзяржаўнай. Аднак з ХVІІ ст. на беларускіх землях паступова пашыраецца польска-лацінскае пісьменства, ствараюцца неспрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай мовы, якая з прыняццем у 1696 годзе сеймам Рэчы Паспалітай пастановы аб забароне афіцыйнага карыстання ею застаецца толькі ў вусным маўленні народа.

Новы этап у вывучэнні беларускай мовы пачынаецца з ХІХ стагоддзя, калі ў тагачасным грамадстве ўзрасла цікавасць да этнаграфіі беларускага народа і яго дыялектаў.

Тэма: Развіццё мовазнаўчай думкі ў ХІХ ст. Зараджэнне параўнальна - гістарычнага мовазнаўства

У канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. у Еўропе развіваюцца параўнальныя прыродазнаўчыя дысцыпліны, назіраецца росквіт розных жывых літаратурных моў, актывізуецца стварэнне перакладных слоўнікаў; была адкрыта старажытнаіндыйская мова санскрыт, актыўна вялася практычная работа па напісанні граматык і слоўнікаў розных моў. Усё гэта з’явілася перадумовамі для ўзнікнення параўнальна-гістарычнага мовазнаўства (кампарытывістыкі).

Першая спроба класіфікацыі моў належыць французскаму гуманісту Гвілельму Пастэлусу , які яшчэ ў 1538 г. выдаў працу “Пра роднасць моў”.

У гэтым жа ХVІ стагоддзі італьянскі купец Ф.Сасеці ў пісьмах з Індыі ра радзіму паказаў роднасць лічэбнікаў у італьянскай мове і санскрыце.

У 1599 годзе галандскі даследчык Іосіф Скалігер у працы “Думкі пра еўрапейскія мовы” зрабіў спробу размеркаваць усе еўрапейскія мовы на адзінаццаць галін шляхам параўнання супадаючых слоў.

У канцы ХVІІ ст. нямецкі філосаф Готфрыд Лейбніц размяжоўваў індаеўрапейскія мовы (паводле яго тэрміналогіі, “кельцкія”) і урала-алтайскія (“скіфскія”).

У пачатку ХVІІІ ст. галадскі вучоны Ламберт тэн Катэ сфармуляваў ідэю пра гістарычнае развіццё германскіх моў, устанавіў роднасць гоцкай, нямецкай, галандскай, англійскай і ісландскай моў. Ён выказаў меркаванне пра роднасць германскіх моў з грэчаскай, лацінскай, албанскай, кельцкімі і славянскімі мовамі (да іх памылкова адносіў літоўскую і латышскую).

М.В.Ламаносаў у працах “Расійская граматыка” (1755 г.), “Прадмова на карысць кніг царкоўных у расійскай мове” (1758 г.) і іншых выказаў меркаванне, што славянскія мовы паходзяць ад агульнаславянскай мовы і знаходзяцца паміж сабой у рознай ступені роднасці. Ён паказаў таксама сваяцтва славянскіх моў з іншымі індаеўрапейскімі мовамі, асабліва адзначыў цесную сувязь з балтыйскімі мовамі.

У канцы ХVІІІ ст. англійскі ўсходазнавец У.Джоунз сцвярджаў, што ўсе еўрапейскія мовы паходзіяць з адной крыніцы, якой, магчыма, з’яўляецца санскрыт.

У пачатку ХІХ ст. нямецкі вучоны Ф.Шлегель пісаў аб роднасці санскрыту з лацінскай, грэчаскай, германскай і персідскай мовамі.

Прыкладна ў гэты ж час у Расіі было напісана ананімнае даследаванне “Аб падабенстве санскрыцкай мовы з рускай”.

Адзначаныя першыя спробы класіфікацыі моў падрыхтавалі глебу для ўзнікнення параўнальна-гістарычнага метаду даследавання і садзейнічалі з’яўленню ранніх варыянтаў параўнальна-гістрычнага мовазнаўства.

Нягледзячы на ўсё гэта, агульнапрызнанымі заснавальнікамі параўнальна-гістарычнага мовазнаўства лічацца дацкі вучоны Расмус Крысціян Раск (1787–1832), нямецкія Франц Боп (1791–1867) і Якаб Грым (1785–1863), рускі Аляксандр Хрыстафоравіч Вастокаў (1781–1864), якія прыблізна ў адзін час у сваіх працах даказалі роднасць розных еўрапейскіх моў на падставе глыбокага гістарычнага аналізу вялікага эмпірычнага матэрыялу, пераважна фанетычнага і марфалагічнага.

У ХІХ ст. быў знойдзены крытэрый лінгвістычнага параўнання моў – граматычныя формы, лічэбнікі, назвы роднасці і сваяцтва і інш. Параўнальна-гістарычны метад улічвае заканамернасці гукавых змен у тоесных марфемах розных слоў. Ф.Боп у 1816 г. устанавіў тоеснасць сістэмы спражэння ў некаторых еўрапейскіх мовах і санскрыце, што з’явілася доказам роднасці гэтых моў. К.Раск браў не толькі марфалагічныя паказчыкі, але і гукавыя суадносіны. Ён даследаваў таксама лексічныя супадзенні ў розных мовах і выказаў ідэю пра паходжанне еўрапейскай мовы ад адной прамовы – фракійскай. Нямецкі філолаг Я.Грым (сааўтар вядомых казак) незалежна ад Раска адкрыў законы пра перамяшчэнне зычных у верхненямецкай мове, выявіў істотныя суадносіны граматычных форм лічэбнікаў, назваў роднасці. А.Х Вастокаў шляхам суапастаўлення паказаў не толькі роднасць славянскіх моў, але і адкрыў істотныя фанетычныя заканамернасці ў іх развіцці. Ён выявіў таксама значэнне і характар вымаўлення старажытнах насавых гукаў – юсоў, рэдукаваных галосных і іншых.

У ХІХ ст. параўнальна-гістарычны метад удасканальваецца і канкрэтызуецца пры вывучэнні раманскіх, славянскіх, германскіх і іншых моў. Вялікая заслуга ў гэтым такіх нямецкіх вучоных кампаратывістаў, як Аўгуст Фрыдрых Пот , Георг Курцыўс , Адальберт Кун , Фрыдрых Дыц , славенца Франца Міклашыча . Ва ўсходнеславянскім свеце ідэі параўнальна-гістарычнай навукі на матэрыяле славянскіх моў працягвалі распрацоўвацца дзякуючы намаганням Ізмаіла Іванавіча Сразнеўскага , Міхаіла Аляксандравіча Максімовіча , Фёдара Іванавіча Буслаева і іншых даследчыкаў.

З адкрыццём параўнальна-гістарычнага метаду мовазнаўства стала самастойнай навукай, адасобленай ад філасофіі і гісторыі; апрача таго, з цягам часу была падрыхтавана аснова для ўзнікнення агульнага мовазнаўства.